Дзень Волі – 2017
Шаноўныя Слухачы! У сувязі з вялікамаштабнасцю святкаванняў 99 гадавіны Незалежнасці Беларусі, у суботу, (25 сакавіка) робім адмысловы дадатковы эфір. Да 14:00 гадзіны (беларускага часу) „Раніцу з Рацыяй” вядзе Радэк Дамброўскі, а з 14:00 па 16:00 у нашай студыі сустрэнуць Вас Зміцер Косцін і Улад Грынеўскі. Падчас жывога эфіру будзем звязвацца з нашымі карэспандэнтамі і месцамі святкаванняў урачыстасці ў гонар Дня Волі. Пачуеце, як праходзяць святкаванні ў Менску, Гародні, Віцебску, Берасці, Гомелі, а таксама ў Чарнігаве, Беластоку, Гайнаўцы, Гданску і Варшаве. Слухайце нас у жывым эфіры і глядзіце фотарпартажы на нашым сайце racyja.com.
* * *
Дзень Волі-2017 у Беластоку
25.03.2017 (субота) – 15.00 Кавярня „Zmiana Klimatu”, вул. Варшаўская, 6.
У праграме:
– Выступ прафесара Алега Латышонка і прэзэнтацыя кнігі „Гісторыя беларусаў Падляшша”. Усе ўдзельнікі святкавання атрымаюць экзэмпляр гэтай кніжкі.
– Паказ дакументальнага кіно Радка Дамброўскага пра Юры Туронка.
* * *
Да Дня Волі ў Беластоку прэзентуюць “Гісторыю беларусаў Падляшша”
Беларусы ў Польшчы рыхтуюцца да Дня Волі. Напярэдадні гадавіну беларускай незалежнасці адсвяткавалі ў Бельску-Падляшскім, у выходныя святочныя мерапрыемствы і акцыі пройдуць у Варшаве, Гданьску ды Гайнаўцы. Галоўныя святкаванні ў Беластоку будуць нагодай для прэзентацыі свежага гістарычнага выдання пра нашу гісторыю, кажа старшыня Звязу беларусаў у Польшчы Яўген Вапа:
– Святкаванне напярэдадні 100-й гадавіны абвяшчэння Акту 25-га сакавіка адбываецца ў час небяспечны і для Беларускай дзяржаўнасці, і для існавання самога народа як цэласнасці. У такой сітуацыі нам, беларусам Беласточчыны, патрэбныя аргументы, якія нам дапамогуць адбівацца ад розных вонкавых негатыўных умоваў. Зараз няма пачуцця спакою і задаволенасці, а ёсць адчуванне неспакою за Беларускую дзяржаўнасць. Мы маем шмат выклікаў, шмат пытанняў.
Большасць людзей, якія пачыналі арганізоўваць гэтыя святкаванні яшчэ ў 80-я, – гісторыкі. Вядома, што нашай наймацнейшай зброяй з’яўляецца нашая гісторыя і веды. І для нас самым галоўным святкаваннем, апроч традыцыйнага, будзе першая прэзентацыя кнігі, выдадзенай беларускім гістарычным таварыствам “Гісторыя беларусаў Падляшша”. Хачу таксама сказаць, што кожны ўдзельнік святкавання атрымае гэтую кнігу.
Тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, неабыякавае для кожнага беларуса, незалежна ад таго, дзе ён жыве. Баліць сэрца і душа, калі на Бацькаўшчыне адбываецца такое. Але ніхто за саміх беларусаў не абароніць сваёй незалежнасці і вольнасці.
Акрамя таго пройдзе паказ дакументальнага фільму пра беларускага гісторыка Юрку Туронка ды адбудзецца традыцыйнае адзначэнне кветкамі за важны ўнёсак у падтрымку і развіццё беларушчыны ў Польшчы.
Звяз Беларусаў у Польшчы, Тыднёвік беларусаў у Польшчы „Ніва” і Беларускае Радыё Рацыя запрашаюць адсвяткаваць Дзень Волі ў Беластоку 25 сакавіка ў клубе «Змяна клімату». Пачатак а 15 гадзіне.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.
* * *
Дзень Волі-2017 у Гайнаўцы
25.03.2017 (субота) – 15.00 Музей і асяродак беларускай культуры, вул. 3 Мая, 42.
– Прэм’ерны паказ двух фільмаў (Танатос & Эрос і Хранатоп#375), якія сталі вынікам польска-беларускага кінапраекта CHRONOTOP. Пасля паказу пройдзе сустрэча са стваральнікамі фільмаў, а таксама прэзентацыя і набор на майстар-класы ў рамках праекта “Хранатоп”, якія пройдуць на Падляшшы ў ліпені 2017 года.
– 18.00. Урачысты пачатак святкавання. «Беларускі Беласток» – прэзентацыя праекта журналіста, супрацоўніка Беларускага Радыё Рацыя, Аляксея Трубкіна, прысвечанага мясцінам, адзначаным беларускай прысутнасцю.
– Януш Гаўрылюк, арганізатар фестывалю Bulbamovie і суаўтар праекта «Хранатоп», прадстаўнік “Белсату” прадставіць і пакажа фільм «Партрэт» рэжысёркі Вольгі Дашук, які з’яўляецца прадукцыяй тэлеканала «Белсат».
– Выступ Віктара Шалкевіча
* * *
Дзень Волі-2017 у Варшаве
25.03.2017 (субота)
12:30 – 14:30 Беларускі Дом запрашае ўсіх беларусаў Варшавы, а таксама ўсіх жыхароў польскае сталіцы прыняць удзел у святочным шэсці, якое адбудзецца ў суботу 25 сакавіка. Шэсце распачнецца ад помніка Тадэвуша Касьцюшкі (Plac Żelaznej Bramy). Потым шэсце скіруецца вуліцамі Маршалкоўскай, Свентакшыскай, Новы Святам і Кракаўскім прадмесцем да помніка Адама Міцкевіча, дзе адбудзецца мітынг. Прыходзьце самі, прыносьце нашыя нацыянальныя сымбалі, запрашайце знаёмых! Дзень Волі – наша Сьвята! Адзначым жа яго годна! Жыве Беларусь!
18:00 Беларускі Дом у Варшаве, вул. Вейска 13/3
* * *
Дзень Волі-2017 у Гданьску
Беларускае Культурнае Таварыства “Хатка” запрашае на 99 ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі
– Складанне кветак на магілaх Сэрафіны і Лукаша Дзекуць-Малеяў і Козьмы Чурылы, г.15.00, 25.03.2017 г., гарнізонны могільнік у Гданьску (за вакзалам ПКС, вул. Ген. Дамброўскага 2)
– Складанне кветак пад каменем у гонар Янкі Купалы, г. 16.00, 25.03.2017 г., Гданьск-Аліва, вул. Я. Купалы
– Cяброўская вячэра ў гонар БНР, г. 17.00, 25.03.2017 г., Сопат, вул. 3 Мая 71 (сядзіба БКТ “Хатка”)
* * *
Зварот да беларускага народу
Шаноўныя суродзічы, дарагія сябры беларусы!
Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам! У гэты дзень, 25 сакавіка 1918 г., пасьля доўгай няволі, калі вонкавы сьвет забыўся пра нашае існаваньне, народ наш заявіў, што хоча жыць у сваёй незалежнай дзяржаве.
Давялося чакаць яшчэ больш як сем дзесяцігодзьдзяў, пакуль Беларусь сталася ўсімі прызнанай дзяржавай, але калі б не было ў сакавіку 1918 году людзей, якія моцна верылі ў сваё права быць вольнымі на сваёй зямлі, – не здабылі б мы ў жніўні 1991-га сваёй дзяржавы.
Дарагія сябры, праз год, 25 сакавіка 2018 г., мы адзначым 100–гадовы юбілей абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У нармальнай дэмакратычнай краіне, дзяржава рыхтавалася б да вялікага сьвята – але цяпер, на жаль, настрой не сьвяточны. У гэтым 2017 годзе наш край ізноў апынуўся пад пагрозай быць зьняволеным тым самым захопнікам. Разьвіцьцё апошнім часам падзеяў вельмі трывожнае. Перад мілітарызацыяй нашай зямлі расейскімі базамі і манэўрамі з удзелам тысячаў расейскіх вайскоўцаў, Беларусь успрымаецца Захадам верным саюзьнікам Масквы, і падзел паміж двума сьветамі пакідае нас штораз часьцей на баку варожай нам імпэрыі. У выпадку вайны наш народ ізноў зробіцца першай яе ахвярай.
Зьвяртаюся сёньня да беларускага народу, у Беларусі і ўва ўсім сьвеце. Гэтак, як нашая гераічная моладзь, якая нядаўна бараніла Курапаты, скажыце ўсяму сьвету і прамаскоўскім хаўрусьнікам у Менску, што беларускі народ не зьбіраецца ізноў паміраць за чужыя імпэрыі, што край наш выбраў нэўтралітэт, калі ён меў магчымасьць выказаць сваю волю, і што ён быў уцягнуты ў варожую нам Эўразійскую зону, нягледзячы на гэтае жаданьне, выказанае ў Канстытуцыі.
У гэты вельмі неспакойны час, калі кожная дзяржава мае свае ўласныя клопаты і ня мае часу прыслухоўвацца да чужых праблемаў, цяжка пераканаць тых, хто гэтага ня ведае, што мілітарныя базы на сваёй зямлі мы ўспрымаем – як пагрозу незалежнасьці нашай дзяржавы.
Аднак пра гэта трэба гаварыць, трэба пісаць усім нам як індывідуальна, гэтак і калектыўна, ад імя беларускіх арганізацыяў, звароты да ўрадаў краінаў, дзе мы пражываем. Трэба рабіць усё магчымае, каб нас бачылі, каб нас чулі, каб ведалі, што народ наш ізноў пад пагрозай з боку суседа, злачынную небясьпеку якога сьвет нарэшце зразумеў. Трэба, каб лінія абароны Эўропы праходзіла ня ўздоўж зяходняй мяжы Беларусі з Эўразьвязам, а ўздоўж мяжы ўсходняй – з Расеяй.
Дарагія мае суродзічы на Бацькаўшчыне, трэба, каб вы таксама заявілі сьвету, што вы ізноў быць калёніяй Масквы не зьбіраецеся. З сумам канстатую, што трэба быць героем, каб у Беларусі змагацца за волю нашай зямлі. З глыбіні сэрца віншую тых, хто гэта штодзённа робіць. Сьвет пра вашае змаганьне ведае. Воля і Незалежнасьць Беларусі, у першую чаргу – у вашых руках!
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла, старшыня Рады
Беларускай Народнай Рэспублікі.
Сакавік, 2017 г.