Затрыманы завочна арыштаваны на 15 сутак Вячаслаў Сіўчык (абноўлена)
Апазіцыйны палітык Вячаслаў Сіўчык, завочна арыштаваны на 15 сутак, затрыманы 23 сакавіка па дарозе на могілкі, куды ён прыехаў на пахаванне свайго дзядзькі. Пра гэта БелаПАН паведаміла Алена Талстая — сустаршыня руху салідарнасці „Разам”, актывістам якога з`яўляецца Сіўчык.
Рашэнне аб арышце Сіўчыка раніцай 23 сакавіка прыняла суддзя суда Цэнтральнага раёна Менска Вікторыя Шабуня. Ён прызнаны вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КоАП) у сувязі з удзелам у адной з акцый супраць дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.
„Затрыманне было вельмі жорсткім, — расказала Талстая. — Па дарозе амаль на ўездзе на могілкі ў пасёлку Навінкі да машыны пад`ехаў мікрааўтобус, спыніўшы яе. З мікрааўтобуса выйшлі шэсць чалавек у цывільным адзенні, яны выцягнулі Сіўчыка з машыны, збіваючы яго. Ён сказаў, што гатовы ісці сам, але яго не пачулі і пацягнулі за рукі і за ногі, запіхнулі ў аўтобус і павезлі ў невядомым кірунку. Усё адбылося вельмі хутка”.
Алена Талстая таксама паведаміла, што сёння прысутнічала на судзе над Сіўчыкам. „Акрамя звычайных абвінавачанняў ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, гучалі і абвінавачанні ў тым, што ён заклікаў да звяржэння існуючай улады, заклікаў да нападу на праваахоўныя органы. Можа быць і так, што ўсё не абмяжуецца затрыманнем на 15 сутак”, — расказала актывістка.
Паводле звестак праваабаронцаў, з пачатку сакавіка за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў Беларусі было затрымана больш за 260 чалавек.
* * *
Апазіцыйны палітык, лідар руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык арыштаваны на 15 сутак. Такое рашэнне абвясціла 23 сакавіка суддзя суда Цэнтральнага раёна Менска Вікторыя Шабуня, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
Сіўчык прызнаны вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КоАП) у сувязі з удзелам у адной з акцый супраць дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, у якой менавіта — не ўдакладняецца.
На пасяджэнне суда палітык не з`явіўся. Яго тэлефон адключаны.
Паводле звестак праваабаронцаў, з пачатку сакавіка за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў Беларусі было затрымана больш за 260 чалавек. Як правіла, іх караюць адміністрацыйнымі арыштамі і штрафамі.