Уся праўда пра „Белы Легіён”



Гісторыя арганізацыі „Белы Легіён” пачынаецца з пачатку 1990-х гадоў. У той час маладзейшыя сябры заснавалі „Белы Легіён” на базе  моладзевага крыла ДРАБ (Дружыны рэгіянальнай аховы і бяспекі, т. зв. „Чорныя драбы”) зліквідаванага Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ), якое было створана афіцэрамі-беларусамі на пачатку 90-х.

Дакументальны фільм пра дзейнасць патрыятычна-спартовай арганізацыі „Белы Легіён”.

Сябры „Белага Легіёна” былі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх мітынгаў і шэсцяў, меўшых на мэце абарону незалежнасці Беларусі ў 1996-1999 гг. Але „Белы Легіён” рабіў стаўку не на адкрытую дэманстрацыю, а на канспірацыю ды падпольную структуру.

Ужо ўвесну 1996-га ўвагу грамадскасці ды журналістаў прыцягнулі іх таямнічыя сцягі – чырвоныя палотнішчы з чорным колам ды белым старадаўнім знакам „спарышам” – якія ўздымаліся па-над натоўпам дэманстрантаў у самыя небяспечныя моманты палітычных акцыяў.

Баявы кліч „Слава нацыі!” легіянераў часта можна было чуць падчас акцый і мітынгаў. Дзяржаўныя спецслужбы у 1997-м годзе арганізавалі шэраг правакцыяў вакол „Белага Легіёну”, у тым ліку жорсткае збіццё яго лідара Сяргея Чыслава (Бульбы) – той трапіў у шпіталь са шматлікімі пераломамі.

Сябры „Белага Легіёна” вялі рэй у вядомай дэманстрацыі „Марш свабоды” 17 кастрычніка 1999 г., якая скончылася сутычкамі з міліцыяй на рагу вуліц Фрунзэ і Першамайскай. Дзесці напрыканцы 1999 году „Белы легіён” практычна знік з вулічнае арэны – частка ягоных сябраў сышла ў бізнес, а рэшта засяродзілася на правядзенні шкаленняў для асобных моладзевых груп.

Асноўнай дзейнасцю арганізацыі сталі  ўдзел у штогадовых спартовых вышкальных зборах і летніках у розных кутках Беларусі, а таксама сябры „Белага Легіёну” ахоўвалі нацыянальныя культурныя акцыі і незалежныя СМІ.

Колькасьць удзельнікаў  Белага Легіёну у 1996-1999 гадах складала прыкладна 200 чалавек. Арганізацыя мела сваіх прыхільнікаў у шмат якіх гарадах Беларусі, а таксама ў розных сацыяльных групах: ад спартоўцаў і вайскоўцаў да творчай інэллігенцыі. Сімпатызуючы арганізацыі калектыў музыкаў  „Крывакрыж”  нават запісаў гімн „Белага Легіёну” з аднайменнай назвай.

Перыядычна паведамленні пра затрыманьні сябраў „Белага Легіёну” ўсплывалі ў друку. Так быў затрыманы Міраслаў Лазоўскі ў сакавіку 2000 г. за распаўсюд улётак „Белага легіёну”. А яшчэ раней – у жніўні 1998 г. зноў жа за распаўсюд арганізацыйных улётак  быў затрыманы Ігар Корсак. Яго абвінавачвалі таксама ў „распаўсюдзе фашыстоўскай сымболікі”, але экспэрты мастацтвазнаўцы прызналі, што эмблема „Белага Легіёну” — знак „спарыш” — не мае дачыненьня да фашызму і з’яўляецца элементам беларускага традыцыйнага арнаменту (у тым ліку, ён зьмешчаны на сучасным дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь). У жніўні 2002 года з’явілася інфармацыя пра экзамен на атрыманне „Сталёвага берэту” сябрамі “Белага Легіёну”. У той жа час у польскім часопісе для аматараў вайсковай справы „Komandos” (№12, 2002) з’явіўся нарыс журналіста Ежы Рагвалода пра гісторыю і дзейнасць „Белага легіёну”, добра аздоблены фотаздымкамі. Пад адным з фота, на якім хлопец у камуфляжы, подпіс: „Легіён найперш займаецца выхаваннем патрыятычнай моладзі”.

Потым на некалькі гадоў „Белы Легіён” знік з інфармацыйнай прасторы.

На пачатку 2000-х арганізацыя аб’явіла аб спыненні свайго існавання за фармулёкай „адсутнасць грамадскай неабходнасці ў баявой арганізацыі нацыяналістаў, бо небяспекі суверэнітэту Рэспублікі Беларусь больш не існуе”. Пасля гэтай заявы  арганізацыя фактычна спыніла сваю публічную дзейнасць.

Апошні раз узгадкі пра „Белы Легіён” з’явіліся ў 2008 годзе, калі  былых кіраўнікоў арганізацыі  Ігара Корсака, Міраслава Лазоўскага і Сяргея Чыслава затрымалі па справе выбуху 3 –га ліпеня 2008 года, аднак у хуткім часе вызвалілі з пад варты.  Падазрэнні да нацыяналістаў былі цалкам неабгрунтаваныя, бо сапраўдны патрыёт ніколі не будзе шкодзіць свайму народу, нават калі і нязгодны з сучаснай палітыкай дзяржавы.

Зараз „Белы легіён” не прысутнічае ў палітычным жыцці краіны, стаўшы „клубам сяброў”.