Як беларускія бяздомныя жывёлы ў Германіі прыжыліся
Летась берасцейскія валанцёры-зааабаронцы пачалі практыкаваць новую для Беларусі з’яву – перапраўляць неўладкаваных тут бяздомных сабак і котак за мяжу.
Навізна з’явы, яе размах і закрытасць нарадзілі шмат чутак як сярод знешніх крытыкаў, так і ўнутры самой валанцёрскай супольнасці: ці не ідуць нашы жывёлы на лабараторныя доследы або на ежу ў элітныя рэстараны? І ці не набіваюць сабе такім чынам кішэні людзі, што маюць да гэтага дачыненне? Варта разабрацца, ці такі страшны чорт, як яго малююць.
Ірына Амельянчук, кіраўнік валанцёрскай ініцыятывы “Права на жыццё”, вывозіць берасцейскіх хвастатых бяздомнікаў пераважна ў Маскву. Яшчэ пры старым берасцейскім пункце адлову, які валанцёры між сабой называлі ўсыпляльнікам, Ірына фатаграфавала яго насельнікаў і выкладвала здымкі ў сацыяльныя сеткі.
‒ Там іх і пабачылі неабыякавыя людзі з Масквы, пачалі пісаць, што хочуць дапамагчы гэтым жывёлам, – распавядае Ірына. – Я спачатку праверыла гэтых людзей у меру сваіх магчымасцяў: прагледзела іх старонкі, сяброў, тое, што яны пра жывёл пішуць, знайшла здымкі жывёл, якім яны дапамаглі. Ну і калі ўпэўнілася, што людзі дзейнічаюць шчыра, я адправіла туды першых сабак, атрымала назад іх здымкі, ну і неяк уцягнулася ў гэтую справу. Бо калі ты можаш паўплываць на лёс канкрэтнай жывёліны, бачыш, як мяняецца яе позірк, як яна ляжыць на канапцы абсалютна даверлівая – калі ты ўсё гэта бачыш, хочацца нешта рабіць і далей.
Шэрыф – аўчар, якога гаспадар здаў у пункт адлову паміраць. Сабака быў у вельмі дрэнным стане, з глыбокімі ранамі, абязвожаны і знясілены, калі яго адправілі ў Маскву. Там яго выхадзілі і рыхтуюць для сям’і.
У Маскве бяздомнікі трапляюць у прыватныя прытулкі і ператрымкі. Сабак прыводзяць у парадак і робяць ім фотасесіі – гэта значна аблегчвае задачу знайсці ім дом. Вось толькі чаму маскоўскім валанцёрам ёсць інтарэс да беларускіх жывёл, няўжо не хапае сваіх?
Насамрэч у сталіцы суседняй дзяржавы больш зааахоўнікаў і рэсурсаў на дапамогу беспрытульным жывёлам. Ёсць нават спецыялізаваныя суполкі дапамогі сабакам пэўных парод. Калі валанцёр асабіста любіць мопсаў, то ён будзе намагацца ратаваць менавіта іх. І няважна, адкуль: ці то з дальняга рэгіёна самой Расеі, ці то з краін СНД, дзе прыкладна на аднолькава нізкім узроўні знаходзіцца культура адносін да братоў нашых меншых. Усіх запар сабак з Берасця ў Маскву, канешне, не вывозяць. Замежныя валанцёры схільныя дапамагчы істоце ў небяспечным становішчы ці без шансаў на прыстойнае жыццё на радзіме. А знаходжанне ў беларускіх пунктах адлову і ёсць небяспечнае для жыцця становішча. У Берасці пакуль паставілі на паўзу практыку ўсыплення і адкрылі новы пункт адлову з больш гуманнымі ўмовамі. Але ў астатніх гарадах, у тым ліку Менску, працягваецца ўсё, як было.
Аднак далёка не ўсе адпраўленыя Ірынай у Маскву жывёлы там і застаюцца. Вельмі часта яны едуць у Заходнюю Еўропу, асабліва ў Германію.
‒ З вывазам сабак у Германію я сутыкнулася менавіта праз масквічоў, калі яны сталі дасылаць здымкі нашых жывёл на канапах. Навошта немцам гэтыя сабакі? Напэўна, таму што яны хочуць мець дачыненне да выратавання. Так, канешне, у іх ёсць свае жывёлы ў прытулках, але… Як мне расказвала дзяўчына, што там жыве, сабачнікі збіраюцца і распавядаюць адзін аднаму: а ў мяне сабака з Босніі, а ў мяне з Беларусі, а ў мяне з Румыніі. То бок гэтыя людзі атрымліваюць сабаку з гісторыяй, трагічнай гісторыяй, і калі яны могуць паставіць у гэтай гісторыі шчаслівую кропку – напэўна, гэта і ёсць асноўны матыў.
Непасрэдна Ірына таксама адправіла некалькі сабак у Еўропу. У Германію, напрыклад, трапіла маладая самка, якую збіла машына пад Каменцам. Здымак сабакі ў ветклініцы крануў спачатку нямецкую зааахоўніцу, пасля патэнцыйных гаспадароў. Паулу (так яе пасля назвалі немцы) стабілізавалі і адправілі праз мяжу. На месцы зрабілі дарагую аперацыю, і сабака атрымаў нават магчымасць хадзіць, пры тым што ў яго быў цалкам раструшчаны бедраны сустаў. Ірына сумняецца, што ў Беларусі для Паулы знайшліся б такія адказныя гаспадары.
Наперадзе ў Паулы цэлае жыццё
На пытанне, як яна змагалася з сумненнямі адносна чутак пра медыцынскія доследы над нашымі жывёламі, Ірына адказвае проста. Яна больш давярае людзям, з якімі працуе і якія сапраўды нешта робяць для выратавання жывёл, чым ананімным допісам у інтэрнэце і артыкулам, якія гуляюць там каторы год.
Крытычна ставіцца да чутак пра вівісекцыю і старшыня Берасцейскага грамадскага аб’яднання дапамогі бяздомным жывёлам “Дабрыня” Наталля Мініна. Аб’яднанне ўпершыню набыло вопыт адпраўкі бяздомнікаў за мяжу мінулай восенню, калі грамадскі прытулак трэба было вызваляць па прычыне хуткага сканчэння дамовы арэнды. Востра паўстала пытанне, што рабіць з тымі 170 сабакамі і такой жа колькасцю катоў, што жылі ў прытулку? Аб’яднанню абяцалі прыстроіць усіх жывёл у новым гарадскім пункце адлову і часовага ўтрымання, але валанцёры яшчэ не ведалі, ці выканаюць камунальнікі абяцанне не забіваць жыхароў пункта. “Дабрынёўцы” ўспрынялі становішча як небяспечнае для сваіх утрыманцаў і заявілі пра гэта ў сацыяльных сетках. Тады і пагрукаўся з прапановай дапамогі Алекс Фолан, валанцёр з Аўстрыі, якому раней выпала пажыць у Берасці. Не сказаць, каб яго прапанову адразу ўспрынялі з энтузіязмам:
‒ З усіх дзяўчат у “Дабрыні” я была самай гарачай праціўніцай гэтай задумы, – прызнаецца Наталля Мініна. – Таму што далёка. Таму што шмат жывёл. Таму што патрэбныя вялікія фінансавыя рэсурсы. Я казала, што мы не пацягнем падрыхтоўку жывёл і іх перавозку. Але пытанне вырашылася так, што мы давалі здымкі, нямецкі бок шукаў сродкі на кожную канкрэтную жывёліну, а мы ўжо займаліся дакументамі. Але нават цяпер, азіраючыся назад, мне цяжка паверыць, што такая колькасць жывёл паехала. Нават нягледзячы на падтрымку, у тым ліку фінансавую, нямецкіх калег, мне здаецца, выканаць такі аб’ём прац для 10 чалавек – гэта было проста нерэальна. Дзякуй дзяўчатам!
Торці, котка, што знаходзілася на папячэнні “Дабрыні”, знайшла дом у Германіі
“Дабрыня” з дапамогай нямецкіх партнёраў вывезла не толькі амаль усіх жывёл са свайго прытулка, але і частку жывёл са старога пункта адлову. Хтосьці ехаў адразу ў сям’ю, хтосьці ў нямецкія прытулкі для жывёл. І, па меркаванні Наталлі Мінінай, гэта самы лепшы варыянт для былых беспрытульнікаў. Кіраўнічка аб’яднання прыйшла нават да высновы, што лепш прыстройваць жывёл за мяжу, чым у родным горадзе.
‒ Гэта, можа, тэхнічна цяжэй, фінансава затратна, псіхалагічна складана. Але я ўжо амаль пераканалася, што тут мы не знойдзем такія добрыя рукі, як там. У нас ці шукаюць цацку для дзіцяці, ці… Вось давалі мы некалькі аб’яў па шчанюках. Тэлефануе мужчына і кажа, што яму трэба на лецішча. Ты яго пытаеш, а што будзе, калі лецішча закончыцца, ён адказвае: “Ну пражыве як-небудзь”. У выпадку з Еўропай жа я ўпэўнена, што нашых жывёл там дакладна не пакрыўдзяць. Мы радыя за кожнага сабаку і за кожнага ката, якіх туды ўладкавалі. На некаторых глядзім і не верым, што гэта яны. Былі дзікунамі неадаптаванымі, а цяпер ходзяць побач з гаспадарамі і рукі ім ліжуць.
У Берасці Лакі быў бадзяжным катом. У Еўропе стаў любімай мадэллю для сваёй гаспадыні-мастачкі
А што думаюць немцы?
Адным з еўрапейскіх партнёраў нашых зааахоўнікаў з’яўляецца ўраджэнка Берасця Іна Лагун, якая цяпер жыве ў Германіі. Астатнія трое чалавек, што арганізоўваюць прыём берасцейскіх беспрытульнікаў у Еўропе, з Аўстрыі. У гэтых дзвюх краінах і знайшла новыя дамы абсалютная большасць сабак і катоў – больш за 600 асобін, па падліках Іны. Кагосьці такія маштабы якраз і бянтэжаць, маўляў, куды можна дзець столькі жывёл, але Іна просіць не забываць, што ўладкаванне адбываецца ўжо паўгода. Не такая і вялікая праблема ўладкаваць 100 жывёл у месяц на насельніцтва 90 мільёнаў чалавек.
‒ Мы не збіраліся гэтую ўсю акцыю так зацягваць, – прыгадвае Іна Лагун. – Думалі, вывезем усіх з прытулка (на той момант тады было 350 жывёл), на гэтым і скончым. Але мы адных вывозілі, іншыя з’яўляліся, і гэта ператварылася ў бясконцы працэс. Часам проста адчай бярэ, бо гэта як ваду з мора напарсткам вычэрпваць.
Такі скепсіс цалкам зразумелы, калі ўлічыць яшчэ і недавер з боку часткі берасцейскіх зааахоўнікаў, а таксама супрацьдзеянне еўрапейскіх ветведамстваў. Іне Лагун нават не смешна, калі яна сутыкаецца з меркаваннямі пра жорсткую эксплуатацыю жывёл на яе цяперашняй радзіме. “Ну якія могуць быць вопыты над бяздомнікамі, у якіх невядома што ў крыві? Для доследаў у Германіі выводзяцца спецыяльныя лабараторныя біглі. Па-другое, няўжо камусьці трэба рабіць сабе такія клопаты з дастаўкай жывёл з-за мяжы, калі танней тут на месцы на сялянскім падворку ката знайсці?”
Штрыцаля не пазнаць увогуле
Тым больш, як кажа валанцёрка, жывёлы не проста так аддаюцца ў новыя рукі. Спачатку прэтэндэнт запаўняе анкету, пасля яго жыллёвыя ўмовы аглядае зааабаронца, пасля толькі з ім заключаецца кантракт, адным з пунктаў якога – абавязковая рэгістрацыя індывідуальнага чыпа ў адпаведнай службе. Таксама патэнцыйны гаспадар плаціць арганізацыі, з якой заключае дамову, суму па ўсталяваным тарыфе. У сярэднім 70-110 еўра за котку, 250-300 еўра за сабаку. Інваліды прыстройваюцца за меншыя грошы. Гэта зусім не ганарар валанцёрам, а частковае пакрыццё затрат на падрыхтоўку жывёлы да жыцця ў сям’і. Для параўнання, кастрацыя коткі ў мясцовасці, дзе жыве Іна, каштуе 170 еўра.
Канешне, у Беларусі падрыхтаваць котку танней, у сярэднім 53,5 еўра. Падаецца, што зааахоўныя арганізацыі-пасярэднікі могуць скараціць свае выдаткі, узяўшы гатовую падрыхтаваную котку з берасцейскага прытулка. Аднак і гэта міф, бо прывезеных беспрытульнікаў вельмі часта даводзіцца доўга і дорага лячыць ад хранічных хвароб, выкліканых жыццём на вуліцы. “Непралечаных жывёл нашыя зааабарончыя арганізацыі не аддаюць. І ў падрыхтоўку адной коткі ўкладваецца нашмат больш грошай, чым бяруць з новага гаспадара. Гэта гуманітарная акцыя, а не бізнес”, – настойвае Іна.
А гэта Надзея, адна з трох котак з берасцейскага прытулка, якіх Іна Лагун пакінула сабе
Што да нямецкіх і аўстрыйскіх ветэрынарных ведамстваў, то яны не вельмі давяраюць беларускім ветпашпартам і наяўнасці прышчэпак у іх уласнікаў. Дакладней, не давяраюць нічому, бо для іх імпарт беларускіх жывёл таксама навінка. Яны прывыклі да плыні бадзяжнікаў з Румыніі, Іспаніі, Грэцыі і Расеі, а вось з Беларуссю нямецка-аўстрыйскія зааабаронцы пакуль не працавалі. Не дзіўна, што калі адзін з прытулкаў размясціў аб’яву пра берасцейскіх катоў, тут жа прыйшоў веткантроль, выбарачна зрабіў цітр-тэсты на шаленства і наклаў вета на ўладкаванне жывёл, пакуль тэст не будзе гатовы. Добра, што тэсты паказалі выдатныя вынікі.
А гэтага ўраджэнца берасцейскіх вуліц назвалі Фон Караянам, у гонар аўстрыйскага дырыжора. Дасціпным гаспадарам падалося, што сіметрычная манішка ў акрасе ката вельмі змахвае на элемент строгага дырыжорскага касцюма
І ўсё ж, чаму немцам ці аўстрыйцам цікава ўзяць новага чальца сям’і настолькі здалёк? “Таму што немцы разумеюць, што бяздомным у Беларусі нашмат горш, чым бяздомным у Германіі”, – кажа Іна Лагун.
І не верыць у гэта не выпадае.
Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце