За год да абвяшчэння БНР



Роўна 100 год таму, напрыканцы сакавіка 1917 года, адбылася важная падзея на шляху да ўтварэння беларускай дзяржаўнасці – паўстаў Беларускі нацыянальна камітэт (БНК). Гэта першы беларускі палітычны прадстаўнічы орган, які афіцыйна заявіў уладным колам Расеі і свету, што беларусы маюць нацыянальна-палітычныя інтарэсы ды будуць ўладкоўваць сваю краіну.

Узначаліў БНК выбітны палітык, мецэнат, прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі Раман Скірмунт (гл.: Забойства верагоднага прэзідэнта). Па сутнасці, Беларускі нацыянальны камітэт стаў кансалідуючым органам нацыянальна-вызвольнага руху Беларусі ў першай палове 1917 года. Да гэтага імкнуўся сам лідар камітэта. Скірмунт доўгія гады аказваў падтрымку беларускім выданням і нацыянальным арганізацыям, меў на гэта сродкі са сваіх землеўладанняў і фабрык на Піншчыне. Палітык быў перакананы ў неабходнасці згуртавання усіх прабеларускіх сіл, на што не шкадаваў ані ўласных сілаў, ані грошай. Гэта дало вынік, хаця рэалізаваць многія мэты, на жаль, не атрымалася. Дзейнічаць прыйшлося ў надзвычай складаных умовах.

Раман Скірмунт (1868-1939)

На той момант аўтарытэт Рамана Скірмунта (гл.: Прэм’ер Беларусі, які не рызыкнуў стаць дыктатарам) быў неабходны для перамоў з уладнымі коламі Расеі, ды не толькі. Землеўладальнік абіраўся ў Дзяржаўную Думу, уваходзіў у склад Дзяржаўнага Савета Расейскай Імперыі. Гэта ўсё спрыяла для БНК, нягледзячы на тое, што многіх і раздражняла. Дарэчы, кажучы пра гэтую слынную постаць, хочацца паведаміць: гісторык з Гародні Алесь Смалянчук плануе сёлета выдаць кнігу пра Рамана Скірмунта. Гэта будзе першае выданне, якое змесціць у сабе жыццёвы і палітычны шлях буйнога землеўладальніка з Пінскага Палесся. Сапраўды, з’ўленне кнігі пра Рамана Скірмунта мае і сімвалічнае значэнне, бо наступны год – год яго 150-годдзя і 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Нельга пакінуць па-за ўвагай і іншых асобаў, якія склалі авангард БНК: Браніслаў Тарашкевіч, Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), Вацлаў Іваноўскі, Вінцэнт Гадлеўскі, Алесь Бурбіс, Павел Аляксюк, Усевалад Фальскі, Лявон Заяц, Аркадзь Смоліч, Эдвард Будзька, Яўсей Канчар, Іван Краскоўскі, Казімір Кастравіцкі, Фабіян Шантыр, Міхаіл Кахновіч, Лявон Дубейкаўскі.

Беларускі нацыянальны камітэт спыніць існаванне ў ліпені 1917 года, але за гэтыя месяцы паспее выканаць галоўную місію – засведчыць прагу беларусаў да самастойнасці на ўласнай зямлі. БНК стане прыкладам для далейшых кансалідуючых цэнтраў нацыянальнага руху, што ў канчатковай кропцы прывядзе да з’яўлення на палітычнай мапе Беларускай Рэспублікі.

Магіла Рамана Скірмунта ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна

ТОР-5 спраў Беларускага нацыянальнага камітэта

Дзейнасць БНК прыпала на час, калі беларускія землі падзяліла лінія фронту паміж Нямеччынай і Расеяй, у Еўропе трэці год палыхала Першая сусветная вайна. Акрамя таго, беларускаму руху яшчэ ад часоў свайго фармавання – сярэдзіна ХІХ стагоддзя – давялося існаваць у складаных умовах. З аднаго боку, уплывала Варшава, а з іншага боку – Расея. Абодва лагеры мелі свой позірк на Беларусь, кожны лічыў, што мае права на гэтыя тэрыторыі, ды і ўвогуле гучала непрызнанне ўсяго беларускага. Беларускім дзеячам давялося зламаць шмат стэрэатыпаў і пераадолець бар’еры, каб не саступаць у вызваленчым бзмаганні суседзям.

Беларускі нацыянальны камітэт працаваў пяць месяцаў, і можна вылучыць пяць асноўных спраў, як бы па адной на месяц.

Дзень нацыянальнага значка

Яшчэ ў час свайго стварэння БНК зладзіў у Менску 12 сакавіка 1917 года акцыю, якая паўплывала на свядомасць гараджан. “На вуліцах горада прадаваліся значкі нацыянальных колераў Беларусі – чырвонага з белым. Упершыню забытая мова забытай беларускай вёскі дамінавала ўсюды: на вуліцах, у кавярнях, кінематографах… цэнтральнай падзеяй акцыі стаў шматлюдны беларускі мітынг пад старшынствам Рамана Скірмунта…”, – так пра мерапрыемства пісалі газеты.

Жаўнеры незалежнасці (1992-1994 гг.)

“Мы маем права!”

У красавіку 1917 года дэлегацыя БНК накіравалася ў Петраград для перамоў з Часовым урадам пра статус Беларусі. БНК магаўся аўтаноміі ў складзе Расейскай дэмакратычнай рэспублікі, якая мусіла паўстаць пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Дэлегацыю БНК прыняло некалькі міністраў, а рэзалюцыю па нацыянальна-палітычным інтарэсам беларусаў атрымаў асабіста старшыня ўрада Георгій Львоў. Акрамя таго, беларуская дэлегацыя сустрэлася з іншымі прадстаўнікамі народаў былой Расейскай Імперыі, якія мелі свае прадстаўніцтвы ў Петраградзе. Такім чынам, упершыню ў найвышэйшых уладных інстанцыях Расеі было афіцыйна заяўлена пра нацыянальна-палітычныя інтарэсы беларускага народа.

Абуджэнне сялянства

БНК добра разумеў, што неабходна падцягваць да актыўнай прабеларускай пазіцыі і сялянства – асноўная катэгорыя насельніцтва тагачасных беларускіх земляў. З гэтай нагоды БНК склікаў некалькі сялянскіх з’ездаў. Асабіста Раман Скірмунт прасоўваў праект пабудовы паспяховай аграрнай краіны, бо быў перакананы ў неабходнасці выкарыстання зямельнага патэнцыялу Беларусі. Казаў, што трэба зрабіць з сяляніна-беларуса гаспадара на ўласнай зямлі, каб ён адчуваў сябе адказным за ўласны лёс і лёс краіны.

Беларусы, да зброі!”

Пры садзейнічанні БНК 15 траўня 1917 года ў Менску ўзнікае Беларуская вайсковая арганізацыя з мэтай “злучыць ваенных беларусаў, што жывуць у Менску, як людзей аднаго краю, звычаю і мовы і маючых агульныя патрэбы, каб падрыхтавацца да Устаноўчага Сойма і выставіць там сваю праграму”. БНК рабіў захады, каб падлічыць, колькі патэнцыйных беларускіх жаўнераў знаходзіцца на фронце ў шэрагах былой царскай арміі. У камітэце разумелі, наколькі неабходна сфармаваць вайсковы асяродак, мець падтрымку ў войску.

Лютаўскія дні 1918 года

Адраджэнне Беларусі

Асаблівую ўвагу БНК надаваў культурна-асветніцкай і інфармацыйнай працы, бо роднае слова і нацыянальная свядомасць – тая зброя, без якой нерэальна будаўніцтва дзяржавы. Пад патранажам БНК у траўні 1917 года пачало дзейнічаць Таварыства беларускай культуры і Таварыства беларускай драмы і камедыі. Арганізацыі ладзілі выезды ў рэгіёны, дзе абуджалі беларускі светапогляд, стваралі гурткі. БНК таксама пачаў выданне ўласнай газеты “Вольная Беларусь”, якая праіснавала да прыходу бальшавікоў у Менск у лістападзе 1918 года.

 

Лютаўская рэвалюцыя і Беларусь 

Шмат дыскусій сярод гісторыкаў ды палітыкаў пра беларускую дзяржаўнасць дзіўным чынам так ці інакш звязаныя з бальшавіцкім кастрычніцкім гвалтам. Адныя кажуць, што толькі дзякуючы Леніну паўстала Беларусь, а іншыя, нібы ў апраўданне, сцвярджаюць, што БССР з’явілася як контрзахад супраць БНР. І сапраўды, маюць рацыю, але рэальны працэс будаўніцтва ўласнай краіны распачаўся менавіта пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Падзеі канца зімы – пачатку вясны 1917 года далі штуршок не толькі беларусам. Наперадзе ўсіх была Польша, краіны Балтыі ды Фінляндыя, але Беларусь, Украіна і Грузія таксама пачалі дзяржаватворны працэс.

БНК, між іншым, можна называць і першай інстытуцыяй, органам, які браў на сябе функцыі ўлады ў краі. Наколькі гэта атрымалася – іншая рэч. Але нам важны сам факт, і ён бясспрэчны.

Мапа БНР на 1918 год

Беларускі нацыянальны камітэт выказваўся за аўтаномію, канешне. І не ён адзіны. Тая ж Украіна таксама бачыла сябе ў складзе Расейскай дэмакратычнай рэспублікі, дзе будуць гарантаваныя правы нацыянальнасцям. Да ўтварэння такой Расеі справа не дайшла, бо бальшавікі зрабілі свае цемрашальства, Расея апынулася ў роспачы. І здаецца, дагэтуль там і блукае. Менавіта пасля кастрычніцкіх падзей 1917 года пачаўся шлях да поўнай незалежнасці, як кажуць, іншага варыянту не было.

Таму для Беларусі, як і шэрагу іншых паняволеных народаў Расейскай Імперыі, большае значэнне мае менавіта Лютаўская рэвалюцыя. Ад яе актывізаваўся нацыянальна-вызваленчы рух і пачалі паўставаць прататыпы дзяржаўных органаў, як той жа Беларускі нацыянальны камітэт.

Да абвяшчэння Вольнай Беларусі заставаўся год…

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск