Тамара Шчапёткіна: Без паперы ад пракурора дзверы міліцыі не адчыню
Да журналіста-фрылансера Тамары Шчапёткінай, што жыве і працуе ў горадзе Бяроза Берасцейскай вобласці, прыходзілі дадому міліцыянты. Пасля працяглых званкоў у дзверы, тры міліцыянты сышлі, але журналістка не збіраецца выходзіць з дому. Яна звязвае ўвагу праваахоўных органаў да сябе з акцыямі на 25 і 26 сакавіка, а таксама агульнай хваляй прэвентыўных затрыманняў і ціску на журналістаў і блогераў па ўсёй краіне:
– Я іх не буду пускаць. Або яны прывязуць ад пракурора дазвол, што могуць заходзіць, або калі будуць рэзаць дзверы, адзверы ў мяне добрыя, шкада будзе, калі іх папсуюць, тады ўжо адчыню. Ну а там будзе відаць, што будзе. Я звязваю толькі з 25-ым і 26-ым, што будзе ў Бярозе, і звязваю з тым, што я ў акцыях дзейнічаю як журналіст, напрыклад, у Баранавічах. І я думаю, што яны проста хочуць паралізаваць маю дзейнасць на 25 і 26 як журналіста.
Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала і апублікавала на сваім сайце інфармацыю пра 35 выпадкаў затрымання журналістаў праваахоўнымі органамі да, падчас і пасля акцый супраць дэкрэта №3 аб так званых дармаедах.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя