У Гародні прэзентавалі чарговы нумар “Новага Замку”
Часопіс гарадзенскай філіі Саюзу беларускіх пісьменнікаў мае больш за 250 старонак. На прэзентацыю гэтага альманаху ў Цэнтр гарадскога жыцця завіталі аўтары, пісьменнікі і паэты, а таксама літаратары старэйшага пакалення.
Пра часопіс распавядае кіраўнік гарадзенскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка:
– Справа ў тым, што на сённяшні час многа выдаецца ў Беларусі. Але для нашага альманаху быў адзіны крытэр, па якім адбіраліся творы – каб яны былі высокамастацкія. І гэта адзінае. Ніякіх палітычных, ніякіх іншых абмежаванняў, калі выдаваўся гэты альманах, не было. Працаваў над ім галоўны рэдактар Сяргей Астравец. Ён клаў на гэта душу, сэрца, вольны і працоўны час.
Аўтарамі гэтага нумару з’яўляюцца такія вядомыя пісьменнікі і паэты Гарадзеншчыны, як Юрка Голуб Сяргей Чыгрын, Альжбета Кеда, Віктар Сазонаў, Аляксей Пяткевіч. А старонку памяць ў нумары прадставілі журналісту і паэту Юрыю Гуменюку.
Беларускае Радыё Рацыя