„Мова нанова дзеткам”



Першыя заняткі бясплатных курсаў па беларускай мове „Мова нанова дзеткам” для дашкольнікаў прайшлі ў галерэі сучаснага мастацтва „Ў” у Менску. Ініцыятары праекта падзялілі жадаючых вучыцца на курсах на дзве групы: да пяці гадоў і ад пяці гадоў да школы. Заняткі актыўна працягваюцца 30 хвілін, пасля чаго дзецям прапануецца 15 хвілін паглядзець беларускамоўныя мультфільмы. Ідэю арганізаваць заняткі па беларускай мове для дзяцей прапаноўвалі дарослыя слухачы курсаў „Мова нанова”. Выкладаць мову маленькім беларусам ініцыятары курсаў запрасілі Алену Церашкову – літаратара, якая выдала тры ўласныя кніжкі з дзіцячымі загадкамі, вершамі, казкамі па-беларуску і сама мае чатырох дзяцей.

 Гэтыя заняткі – ініцыятыва Глеба Лабадзенкі, які прыдумаў курсы “Мова нанова” для дарослых. І, беручы пад увагу патрэбы нашага насельніцтва, ён вырашыў адкрыць яшчэ і дзіцячую групу. Гэта пробныя заняткі: мы вучымся самі, глядзім, што цікава дзецям. І мы будзем настойваць, каб бацькі не толькі прыходзілі на нашыя заняткі, а актыўна бралі ўдзел і дапамагалі дзецям, самі гаварылі па-беларуску. Такім чынам, будзе прырастаць кола людзей, якія любяць і цікавяцца нашай краінай і гісторыяй.

“Дзіця без роднай мовы – паўсірата. У беларусаў так і атрымліваецца: мама ёсць, а мову адабралі самі бацькі,” – адзначае адзін з удзельнікаў курсаў “Мова нанова”. Другi з бацькоў адзначыў, што хоча карыстацца беларускай мовай правільна, а не гаварыць на „трасянцы”, таму прыйшоў з дзіцяці на курсы.

Паводле БелаПАН