Беларусь атрымала першую партыю іранскай нафты
У Беларусь дастаўленая першая партыя нафты з Ірана.
Як паведамлялася ў праграме „Навіны” тэлеканала ОНТ 26 сакавіка, „маршрут праходзіў праз Адэскі порт, яго ўзгаднілі ў лютым. Адтуль цягнікамі паліва даставілі ў нашу краіну. Яго перапрацуюць на мазырскім прадпрыемстве” (Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод у Гомельскай вобласці).
Здзелку з Тэгеранам Менск заключыў на 80 тысяч тон сырой нафты.
„Іранскае паліва павінна стаць альтэрнатывай расійскаму, пастаўкі якога ў Беларусь апошні час сур’ёзна скараціліся”, — гаварылася ў рэпартажы ОНТ.
18 лютага з’явілася інфармацыя, што даччынае прадпрыемства дзяржаўнай „Беларуснафты” Beloil Polska заключыла здзелку з Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніяй (NIOC) аб пастаўцы 600 тысяч бараляў нафты з адгрузкай ў лютым. „Гэта першая закупка іранскай нафты (Беларуссю.) пасля зняцця з Тэгерана міжнародных санкцый летась”, — адзначылі ў NIOC.
У студзені Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду шукаць альтэрнатыўныя варыянты паставак у краіну нафты. „Мы дамаўляліся, што найбліжэйшым часам вы мяне праінфармуеце пра сітуацыю ў нафтагазавым комплексе краіны, асабліва ў сувязі з паводзінамі Расеі. Паводле нашых дамоўленасцяў і пагадненняў, раней заключаных, якая ў нас сітуацыя? Мы нічога не ўтойваем ад людзей. Утойваць, я думаю, не трэба. Катастрофы няма, але скарачэнне паставак нафты ад Расейскай Федэрацыі павінна быць замешчанае альтэрнатыўнымі варыянтамі”, — заявіў кіраўнік дзяржавы 20 студзеня, прымаючы з дакладам віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашку.
Лукашэнка нагадаў, што адпаведныя пытанні абмяркоўваліся яшчэ ў канцы мінулага года. „І мы гэтыя альтэрнатыўныя варыянты не проста прапрацоўвалі — мы некаторыя выпрабавалі, выпрабавалі ўжо на практыцы, дастаўляючы нафту з Чорнага і Міжземнага мораў на нашы нафтаперапрацоўчыя заводы, каб на практыцы паглядзець, як гэта будзе выглядаць эканамічна”, — сказаў ён.
Беларусь і Расея ўжо год не могуць урэгуляваць нафтагазавую спрэчку — пытанні кошту расейскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. З 2016 года Расея, паводле дамоўленасцяў, павінна была пастаўляць у Беларусь штогод 24 млн тон нафты аж да 2024 года. Аднак з другога паўгоддзя пастаўкі былі скарочаныя ў сувязі з запазычанасцю Менска за расейскі газ. У пачатку гэтага года расейскія СМІ паведамілі, што ў першым квартале Расея збіраецца скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь з 4,5 да 4 млн тон.