Кабякоў ляціць у Маскву на сустрэчу з Мядзведзевым



Перамовы прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі Андрэя Кабякова і Дзмітрыя Мядзведзева пройдуць у Маскве 30 сакавіка. Бакі абмяркуюць інтэграцыйнае ўзаемадзеянне ў межах Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза, паведамляе прэс-служба ўрада РФ.

Акрамя таго, «будуць закранутыя актуальныя пытанні расійска-беларускага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне энергетыкі, прамысловасці і аграпрамысловага комплексу».

Апошні раз Кабякоў і Мядзведзеў сустракаліся 7 сакавіка ў Бішкеку на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета. Тады Кабякоў заявіў пра неўрэгуляванасць з расейскім бокам праблем у нафтагазавай сферы, незахаванне двухбаковых і шматбаковых дамоўленасцяў аб умовах паставак энерганосьбітаў і бяздзейнасць на гэтым фоне Еўразійскай эканамічнай камісіі.

«Мы вымушаныя канстатаваць, што сёння не выконваецца двухбаковая нарматыўна-прававая база (у адносінах з Расеяй. — БелаПАН.), якая была створаная не ў адрыве, а як раз у цеснай узаемасувязі са шматбаковымі дамоўленасцямі ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Прычым праблемы ў двухбаковых адносінах фундаментальна ўплываюць на наш удзел у шматбаковых інтэграцыйных працэсах. Мы не раздзяляем гэтыя два трэкі — двухбаковы і шматбаковы, таму што праблемы ў двухбаковых адносінах ўплываюць скажона на еўразійскую інтэграцыю», — сказаў прэм’ер-міністр Беларусі.

У адказ Мядзведзеў заявіў, што расейскі бок разглядае увязку шматбаковай інтэграцыі з двухбаковымі праблемамі як шантаж. „Тут (у ЕАЭС. — БелаПАН.) ніхто нікога сілком не трымае, мы добраахвотна ўсё гэта стварылі”, — падкрэсліў расійскі прэм’ер.

Перамовы паміж Масквой і Менскам аб умовах ўрэгулявання нафтагазавай спрэчкі доўжацца прыблізна год. Беларускія ўлады настойваюць на тым, што кошт расейскага газу ў доларавым эквіваленце павінен быць зніжаны, з чым не згодны расійскі бок. З другой паловы 2016 года, рэагуючы на нявыплату Беларуссю ў поўным аб’ёме кошту газу, расійскі ўрад прыняў рашэнне скараціць пастаўкі нафты ў краіну. Згодна з дзейнымі пагадненнямі Расея павінна была паставіць у Беларусь за год 23 млн тон нафты, аднак паводле вынікаў года імпарт нафты скараціўся на 20,8%. 3 сакавіка стала вядома, што „Газпром” павысіў цану на газ для Беларусі на 6,81% да 141,1 долара за тысячу кубаметраў.

БелаПАН