Пачаўся працэс па новай крымінальнай справе Андрэя Бандарэнкі (абноўлена)



У судзе Ленінскага раёна Магілёва 29 сакавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы асуджанага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі. Працэс праходзіць пад старшынствам суддзі Сяргея Мазурава.

Бандарэнка, які адбывае пакаранне ў магілёўскай турме № 4, абвінавачваецца на падставе ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Яму пагражае дадатковае зняволенне тэрмінам да двух гадоў.

Зала, дзе праходзіць пасяджэнне, не змясціла ўсіх ахвотных. На суд прыйшло шмат журналістаў, грамадскіх актывістаў і палітыкаў, у тым ліку Мікалай Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч, праваабаронцы Таццяна Равяка і Павел Сапелка, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў. Прысутнічае бацька падсуднага Валерый Бандарэнка.

Суддзя падтрымаў просьбу дзяржабвінаваўцы Сяргея Мінава і не дазволіў журналістам весці фота- і відэаздымку.

Па словах юрыста, былога суддзі Канстытуцыйнага суда Беларусі Міхаіла Пастухова, суд пачаўся за 3 дні да сканчэння тэрміну пакарання Андрэя Бандарэнкі.

Калі палітычнага вязня ўвялі ў залю, некаторыя прысутныя ў залі сустрэлі яго апладысментам:

— Андрэй сказаў, што не прызнае абвінавачвання ў поўным аб’ёме. А потым пачаўся працэс, Андрэя дапытваў пракурор, потым адваката задаваў пытанні. Тры эпізоды абвінавачвання, які лічацца злосным непадпарадкаваннем патрабаванням.

Першы эпізод — Андрэй Бандарэнка ляжаў днём на пасцелі. Але амаль ўсе так робяць, таму што немагчыма цэлы дзень да адбоя праводзіць на нагах. Па другое, — падчас вяртання з прагулкі ён машынальна адказаў на пытанне нейкай асуджанай, з якой ён камеры? Гэтая асуджаная была толькі папярэджаная. А Бандарэнка атрымаў спагнанне. І трэцяе  спагнанне за тое, што ён нібыта дрэнна склейваў капэрты на працы. І вось за гэтыя тры дробязных парушэнні Андрэю Бандарэнке пагражае да 2 гадоў пазбаўлення волі. Гэта абсурд, — лічыць Міхаіл Пастухоў.

Праваабаронцу, былога кіраўніка арганізацыі „Платформа іннавэйшн” Андрэя Бандарэнку пераследуюць за праваабрончую дзейнась, – лічыць дырэктар сацыяльна-інфармацыйнай установы „ТаймАкт” Васіль Завадскі. Раней Бандарэнка  быў асуджаны па абвінавачванні ў хуліганстве на 3 гады зняволення.  Падчас адбыцця пакарання ў Магілёўскай турме №4  супраць яго завялі чарговую справу – па арыкуле 411, нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы. І новы суд пачаўся за 2 дні да сканчэння тэрміну папярэдняга пакарання, – адзначыў Завадскі:

– Для мяне – чалавека, які мае вялікі досьвед працы ў пенітэнцыярнай сістэме і знаходжання там таксама, відавочна, што гэта пераслед за яго праваабарончую дзейнасць і за адстойванне сваіх правоў падчас адбывання пакарання. Таму што, па-першае, смехатворныя тыя прычыны, за якія Бандарэнку інкрымінуюць гэты атрыкул, а па-другое, і з майго пункту гледжання – гэта галоўнае, сам гэты артыкул мусіць быць выдалены з Крымінальнага кодэксу.

Таму што ён з’яўляецца атавізмам савецкіх часоў і не адпавядае сучаснай Канстытуцыі краіны. У ім прадугледжана пакаранне за тое, за што чалавек ужо панёс кару ў выглядзе спагнанняў. Да таго ж, фармулёўкі артыкулу дастаткова размытыя, што дае права адміністрацыі папраўчых устаноў вельмі шырока іх трактаваць, – кажа Васіль Завадскі.

Працэс над Андрэем Бандарэкам адбываецца ў судзе Ленінскага раёну Магілёва. Разгляд справы пачаўся 29 і працягнецца 30 сакавіка. На думку эксепртаў, у выпадку абвінаваўчага прысуду Бандарэнка аўтаматычна будзе прызнаны палітычным зняволеным.

Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

У зале суда знаходхзяцца некалькі дзясяткаў чалавек. У тым ліку палітык Мікалай Статкевіч, праваабаронцы Таццяна Равяка і Павел Сапелка, грмадская актывістка Таццяна Шапуцька, бацька зняволенага Валер Бандарэнка.

Андрэй Бандарэнка заявіў хадайніцтва — ён папрасіў суд даць магчымасць пагутарыць з адвакатам Вадзімам Мушынскім, каб пракансультавацца адносна матэрыялаў крымінальнай справы. Як растлумачыў Бандарэнка, на яго рабіўся націск з боку следчага і ён не здолеў у поўнай меры азнаёміцца з матэрыяламі справы. Паводле слоў падсуднага, адвакат наведваў яго 22 сакавіка, а матэрыялы справы былі пададзеныя яму пазней.

Суддзя даў Бандарэнку паўгадзіны для азнаямлення са справай і кансультацыі з адвакатам, абвясціўшы перапынак.

Бандарэнка — стваральнік і былы кіраўнік інфармацыйна-асветнай установы „Платформа” і культурна-асветнай установы „Платформ інавейшн”, якія займаліся абаронай правоў асуджаных. 12 жніўня 2014 года суд прызнаў яго вінаватым у хуліганстве і прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней у сувязі з амністыяй тэрмін быў скарочаны да трох гадоў.

За апошнія месяцы Бандарэнка беспаспяхова абскардзіў у судах Магілёўскай вобласці шэраг спагнанняў, накладзеных на яго адміністрацыямі тых папраўчых устаноў, у якіх ён адбываў або адбывае пакаранне. Тэрмін пакарання Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.

БелаПАН