Андрэй Бастунец: Самае галоўнае – гэта інфармаванне



Генеральная пракуратура адказала адпіскай на зварот “Беларускай асацыяцыі журналістаў” адносна пераследу журналістаў, перашкод у ажыццяўленні журналісцкай дзейнасці і адміністрацыйнага пераследу.

У адказе пазначалася, маўляў, арганізацыя нібыта не мае права прадстаўляць інтарэсы пацярпелых журналістаў, таму зварот не будзе рагледжаны.

Інфармаванне, як унутры краіны, так і міжнародных структур пра сітуацыю ў Беларусі – адзін з накірункаў працы арганізацыі ў крытычным моманце, кажа старшыня БАЖ Андрэй Бастунец:

– Самае галоўнае над чым мы зараз працуем – гэта інфармаванне пра тое, што адбываецца, інфармаванне ўнутры краіны, замежных калегаў, дзяржаўныя ды міждзяржаўныя структуры, каб быў ціск на беларускую ўладу ўнутры краіны і звонку, каб былі адноўлены правы журналістаў, каб гэта не адбывалася далей. Другая, ці першая ўсё ж такі справа, гэта дапамога журналістам, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю, гэта юрыдычная дапамога, маральная дапамога, усё што мы можам зрабіць.

РР: Да ўладаў былі лісты ад міжнародных і беларускіх арганізацый, ці ёсць нейкая інфармацыя на гэты конт?

– Гэта такія, як кажуць, пад коўдрай працэсы, якія адбываюцца, мы не можам ніколі дакладна сказаць, што мела вынік, што было праігнаравана, але я спадзяюся, што ўсё ж такі тая рэакцыя, якую мы адчувалі не толькі ў выпадку журналістаў, але наогул з грамадзянамі Беларусі, што гэта рэакцыя будзе мець свой уплыў на беларускі ўрад.

РР: Чым вы тлумачыце для сябе такую рэакцыю ўладаў менавіта на журналістаў? Шмат каго збілі, нават пасадзілі на суткі некалькі асобаў.

– Гэта рэакцыя звязана не наўпрост з журналістамі, яна звязана з самімі акцыямі пратэсту. Паколькі журналісты асвятлялі іх, паколькі яны давалі наўпрост інфармацыю, і дарэчы дзякуючы журналісцкай працы гэта інфармацыя, я думаю, упершыню ў краіне вось такі распаўсюд атрымала, стрымы журналісцкія вялікую цікавасць выклікалі. Менавіта таму ўлады паспрабавалі дзейнічаць у звыклым рэжыме, не даваць карцінкі, але тым не менш журналісты ўсё роўна інфармацыю даносілі пра тое, што адбываецца.

РР: Найбольш драматычная сітуацыя з Аляксандрам Баразенкам, які аб’явіў галадоўку. Ці нешта ў гэтым накірунку робіцца, ці ёсць з ім увогуле нейкі кантакт?

– Мы на сайце БАЖ размясцілі інфармацыю пра тое, як можна напісаць ліст Аляксандру Баразенку ды іншым калегам, якія знаходзяцца за кратамі, каб іх падтрымаць у першую чаргу маральна. Зразумела, што мы будзем працягваць кантакты з ім праз адваката і з астатнімі нашымі калегамі і сябрамі.

З арыштамі агульная колькасць затрыманняў журналістаў сягнула больш за 100, за кратамі на „сутках” зараз 9 сяброў „Беларускай асацыяцыі журналістаў”. Арганізацыя заклікае падтрымаць іх маральна лістамі, на сайце БАЖ можна знайсці іх адрасы.

Падтрымаем журналістаў!

Лісты і тэлеграмы асуджаным можна слаць на адрас: 220089, г. Менск, 1-шы завулак Акрэсціна, 36, Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.

Тэлеграму можна адправіць са стацыянарнага тэлефона праз кароткі нумар 166.

Таксама ў Віцебску пад арышт патрапілі сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Леанід Свецік (15 сутак), Канстанцін Мардзвінцаў (15 сутак) і Арцём Сізінцаў (10 сутак). Дасылаць лісты і тэлеграмы можна на адрас: 210038, г. Віцебск, Маскоўскі пр-т, 59А, Ізалятар часовага ўтрымання.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя