Мікола Чарнавус малодшы выйшаў на волю
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Чарнавус (малодшы) выйшаў на волю пасля 14 сутак адміністрацыйнага арышту. Хаця па рашэнні Баранавіцкага суда, суддзя Аксана Копач, актывіст меў пакаранне 12 сутак арышту. Два дні ў бальніцы пад вартай у тэрмін не залічылі.
Кажа Мікола Чарнавус:
— Я нават не падумаў, што гэта не ўваходзіць у тэрмін, што гэта не арышт. Там да мяне нікога не дапускалі, нават бацькоў. Усе перадачы правяралі. Я лічыў, што знаходжуся ў статусе арыштаванага, але выходзіць так, што я нават не ведаю, у якім статусе я там знаходзіўся.
Мікола Чарнавус ужо абскардзіў у Берасцейскі абласны суд рашэнне суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы аб арышце. Нараканняў на ўмовы ўтрымання ў ізалятары часовага ўтрымання няма.
Беларускае Радыё Рацыя