Таццяна Равяка: «Справа Бандарэнкі» — абсурдная
Праваабаронца Таццяна Раявка распавядае пра тое, як ідзе працэс над праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам, якому сёння павінны вынесці прысуд.
Нагадаем, Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Бягучы тэрмін пакарання ў Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года. Аднак калі яго прызнаюць вінаватым па крымінальнай справе, якая заведзена супраць яго за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, ён можа атрымаць яшчэ да двух гадоў зняволення. 11 студзеня Андрэю Бандарэнку было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне па ч.2 арт 411 УК – “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства”. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.
Калі Андрэй Бандарэнка атрымае новы тэрмін зняволення па гэтым артыкуле, праваабаронцы прызнаюць яго палітзняволеным.
Таццяна Равяка: На працэсе, які пачаўся 29 сакавіка, мы пачулі вельмі супярэчлівыя паказанні сведкаў. Калі на судзе гучала, за якую “крыміналку” чалавека збіраюцца асудзіць яшчэ на два гады зняволення, то гэта проста ў галаве не ўкладвалася. Няправільна адгукнуўся, не ў той час ляжаў на ложку… Магу сказаць адно – абсалютна безпадстаўныя абвінавачванні. Не было з боку Андрэя Бандарэнкі нейкіх сур’ёзных парушэнняў, гвалтоўных дзеянняў, а таму абвінавачванне выглядае проста абсурдным. Тым больш, з пагрозай пазбаўлення волі.
РР: Сёння будзе вынесены прысуд?
Таццяна Равяка: Верагодна, што так, бо ўсе сведкі ўжо дапытаны, а сёння пройдуць спрэчкі бакоў, пасля чаго і пачуем рашэнне. Нагадаю, што заўтра Андрэй павінен быў выйсці на волю, таму, хутчэй за ўсё, прысуд вынесуць да гэтага часу. Не магу сказаць, якое будзе рашэнне суда, але сама справа, якую “зшылі белымі ніткамі”, проста выклікае абурэнне.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя