7 журналістаў застаюцца пад арыштам
Смелыя і адказныя журналісты працавалі на акцыях прысвечаным Дню Волі, зазначае старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа.
Пасля акцый на сутках апынуліся 8 журналістаў, у ліку якіх затрыманы ў Віцебску і пакараны суддзёй Валянцінай Міхасёвай на 10 сутак журналіст-фрылансер Арцём Сізанцаў, які рабіў матэрыялы для нашага радыё, кажа Яўген Вапа:
– Малады журналіст Арцём Сізінцаў, які едзе з Воршы асвятляць падзеі ў Віцебск, дзе яго затрымліваюць, дзе яго судзяць – гэта доказ таго, што быць шчырым чалавекам таксама значыць быць шчырым журналістам. Хачу нагадаць, што раней у Воршы, калі ён павінен быў асвятляць падзеі, то даваў інфармацыю з уласнай кватэры, дзе былі міліцыянты.
7 журналістаў сядзяць на сутках у Менску і Віцебску. У Віцебску былі арыштаваныя сябры “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Леанід Свецік (15 сутак), Канстанцін Мардзвінцаў (15 сутак) і Арцём Сізінцаў (10 сутак).
З Акрэсціна ў сталіцы выйшаў гарадзенец Дзяніс Івашын, які атрымаў 5 сутак. Там застаюцца Марына Кастылянчанка (15 сутак), Сяргей Кійко (12 сутак), Раман Пратасевіч (10 сутак) і апэратар „Белсата” Аляксандр Баразенка. Апошняму прысудзілі 15 сутак арышту, у адказ Баразенка абвясціў ў ізалятары галадоўку.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя