Суд над Наталляй Папковай (абнаўляецца)
31 сакавіка
Наталлі Папковай cуд Ленінскага раёна даў пяць сутак арышту. Яе звінавацілі ў “парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства”. Каментуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін:
– Першае, што мяне насцярожыла, нейкая нелагічнасць пакарання за мерапрыемства. Днямі пасля адсідкі Наталля была пакарана за ўдзел у масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве, якое адбывалася 12-га сакавіка. Гэтым разам яе прыцягваюць за тое, што яна ўдзельнічала ў масавым мерапрыемстве 18-га лютага, то бок па частцы першай яна ўжо была прыцягнута.
Прысуд абвясціў суддзя Дзмітрый Шурын, нягледзячы на тое, што дзяжурным суддзём мусіў быць Святаслаў Каліна.
* * *
У судзе над берасцейскай грамадскай актывісткай Наталляй Папковай абвешчаны перапынак да 14:30. Гэтым разам яе вінавацяць у “парушэнні правілаў арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў”, за акцыю “Марш недармаедаў”, якая адбылася 19 лютага ў Берасці.
Справу Наталлі Папковай разглядаюць у судзе Ленінскага раёна Берасця. З трох заяўленых сведкаў ад міліцыі на разгляд трапіў толькі адзін. “Суддзя нервуецца. Спадзяюся, пасля працэсу адпраўлюся дадому, а не на “суткі”, – зазначыла грамадская актывістка.
* * *
31 сакавіка
Чарговы суд чакае берасцейскую грамадскую актывістку Наталлю Папкову. Гэты разам яе судзяць за ўдзел у несанкцыянаваным уладамі мітынгу і шэсці “недармаедаў”, які адбыўся 19 лютага.
Сітуацыю з судовым канвеерам каментуе мясцовы праваабаронца Уладзімір Вялічкін:
– Справа тут абцяжараная Дэкрэтам №3, які не падабаецца насельніцтву, і гэта выклікае асаблівую нярвовасць у нашых уладаў. Улады ўвайшлі ў страшную хвалю псіхалагічнай вайны з насельніцтвам шляхам запалохвання, арыштаў, штрафаў.
Праз сваю старонку ў facebook, Вялічкін заклікае неабыякавых грамадзян падтрымаць у Судзе Ленінскага раёна Берасця Наталлю Папкову. Пачатак разгляду справы адбудзецца 31 сакавіка ў 11:00.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце