Слонімцы не забываюць Івана Шэгу
25 сакавіка – дзень нараджэння грамадскага актывіста і доктара Івана Шэгі (1953-2016) са Слоніма. Звычайна ў гэты дзень сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл разам адзначалі і Дзень Волі, і дзень нараджэння Івана Шэгі. Але летась знакамітага слонімца не стала. Таму 25 сакавіка жыхары Слоніма вырашылі наведаць яго магілу на слонімскіх гарадскіх могілках. Але 25 сакавіка ўсім разам наведаць магілу вядомага слонімца не ўдалося: многія слонімцы былі затрыманыя і правялі за кратамі Слонімскага РАУС. Таму магілу Івана Шэгі наведалі на некалькі дзён пазней, а таксама ў Слонімскі райвыканкам грамадскія актывісты перадалі каля 400 подпісаў жыхароў Слоніма і Дзятлава, а таксама вядомых беларускіх палітыкаў, каб адну з новых вуліц назваць яго імем.
На Слонімшчыне Івана Шэгу людзі ведалі найперш як доктара і палітыка. Нават калі па дасягненні пенсійнага ўзросту з доктарам Шэгам не працягнулі працоўны кантракт у Слонімскім ТМА, Іван Іванавіч працягваў дапамагаць людзям у створанай ім недзяржаўнай установе „Шэгамедкансульт”.
І як палітык, сябра партыі БНФ Іван Шэга заўсёды заставаўся навідавоку. Прыклад таму — яго ўдзел у выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. Яшчэ зусім нядаўна вынікі гэтых выбараў з удзелам Івана Шэгі абмяркоўваліся на старонках многіх газет. Але смерць заўсёды бывае нечаканай. Іван Шэга пражыў 63 гады. Пасля сябе ён пакінуў кнігу роздумаў „Пра краіну і пра нас”.
Беларускае Радыё Рацыя