Гарадзенскія сябры БАЖ-у прынялі зварот супраць пераследу журналістаў



Зварот супраць пераследу гарадзенскіх журналістаў, чальцоў Беларускай асацыяцыі журналістаў, прынялі на сходзе сябры гэтай грамадскай арганізацыі, якія пражываюць у Гародні. Падставай стаў чарговы адміністрацыйны працэс супраць Андрэя Мялешкі, журналіста-фрылансера, – кажа ўдзельнік сходу, журналіст Сяргей Астраўцоў.

– Я магу згадаць, што гэта не першы зварот. Былі іншыя журналісты, з нагоды якіх мы прымалі падобныя звароты. Вядома, што афіцыйныя органы звычайна даюць адпіскі. Але проста такая сітуацыя, што мы вымушаны звяртацца, паколькі выпадкі, як з Андрэем Мялешкам, не першыя, яны ўвесь час перыядычна паўтараюцца. І два гады назад былі, і тры гады.

– Караць журналістаў за свабоду слова – гэта беззаконнае дзеянне. Мы ніколі не навучымся жыць сучасна, калі будзем замоўчваць парушэнні, тыя, якія дапускаюць нашыя чыноўнікі, дзяржава. Канстытуцыя нам дае права выказвацца і распаўсюджваць інфармацыю.

Мяркуе Анатоль Макушын, удзельнік сходу сяброў БАЖ-у ў Гародні. Зварот накіраваны ў абласную і генеральную пракуратуры. Сябры БАЖ-у нагадваюць, што артыкул, на які спасылаюцца супрацоўнікі сілавых структураў, не прадугледжвае адказнасці за дзейнасць без акрэдытацыі.

Паводле гэтага ж абвінавачання ўжо тры журналісты-фрылансеры атрымалі неправамерныя штрафы: Алесь Залескі, Алесь Дзянісаў, Андрэй Мялешка. Апошняга другі раз сілавікі прыцягваюць да суду па гэтым артыкуле.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя