Анатоль Шумчанка выйшаў на свабоду



2 красавіка пасля 10 сутак арышту на волю з Жодзінскага ізалятара часовага ўтрымання выйшаў старшыня рады Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Лідара прадпрымальніцкага руху прэвентыўна затрымалі 23 сакавіка раніцай каля дзіцячага садка, куды ён адвёў дзіця. Чатыры чалавекі ў чорных шапках скруцілі, пасадзілі ў машыну і завезлі ў Маскоўскае РУУС. Там пратрымалі 4 гадзіны і завезлі ў суд Маскоўскага раёна. Абвінавачванні стандартныя: нецэнзурна лаяўся, размахваў рукамі. Суддзя Максім Сушко пакараў 10 суткамі арышту. Першую ноч Шумчанка правёў у ЦІПе на Акрэсціна, а 24 сакавіка раніцай з Акрэсціна загрузілі 5 аўтазакаў арыштантаў і павезлі ў Жодзіна.

Больш за 5 гадзін людзей трымалі ў аўтазаках, а потым размясцілі ў ізалятары часовага ўтрымання.

«Я сядзеў у адной камеры з Вячаславам Сіўчыкам і Алесем Славінскім з руху „За Свабоду“ — яго, дарэчы, забралі каля крамы. Умовы ў гэтым Жодзінскім ІЧУ, які ў народзе называюць „чорным буслам”, жудасныя. Камеры не ацяпляліся, першыя 3 ночы мы спалі ў куртках, – кажа Шумчанка. – Але я буду працягваць змагацца за эканамічныя правы. Мы ўжо выйгралі некалькі судоў».

Паводле svaboda.org