Новая сістэма відэаназірання абыдзецца ў 100 млн даляраў



Анансаваны Аляксандрам Лукашэнкам праект сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі абыдзецца Беларусі ў 100 млн даляраў, расказалі ў перадачы „Контуры” на дзяржаўным тэлеканале АНТ.

Паводле тэлеканалу, сістэма дазволіць цэнтралізаваць відэасачэнне, выкарыстоўваць у адной сістэме ўсе відэакамэры, незалежна ад ведамства: напрыклад, міліцыі, ДАІ ці леснікам. Гэта дазволіць „аптымізаваць” колькасьць аператараў, якія будуць назіраць за карцінкамі, кожны для „свайго” міністэрства. Сістэмай зоймецца дзяржаўная кампанія ці „надзейная прыватная, гатовая стаць інвестарам”.

100 млн даляраў — амаль удвая больш, чым выдаткавана ў бюджэце-2017 на органы дзяржаўнай бяспекі; амаль столькі ж, колькі на спорт і фізкультуру; амаль столькі ж, колькі на разам узятыя культуру і дзяржаўныя СМІ.