Парламенцкая дэлегацыя сейма Польшчы наведае Беларусь



Парламенцкая дэлегацыя сейма Польшчы наведае Беларусь 11—13 красавіка. Пра гэта паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

Узначаліць дэлегацыю сустаршыня беларуска-польскай парламенцкай групы сейма Адам Андрушкевіч.

Паводле інфармацыі БелаПАН, праграма візіту яшчэ прапрацоўваецца. Аднак вядома, што Андрушкевіч папрасіў арганізаваць акрамя сустрэч з афіцыйнымі асобамі сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі.

На мінулым тыдні дэпутаты польскага сейма заклікалі беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі і пачаць шырокі дыялог з грамадзянскай супольнасцю. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі камісіі сейма па замежных справах па сітуацыі ў Беларусі, прынятай 23 сакавіка.

„Камісія па замежных справах сейма выказвае глыбокую занепакоенасць нарастаючай хваляй рэпрэсій супраць удзельнікаў грамадскіх пратэстаў — незалежных журналістаў і грамадскіх дзеячаў Беларусі”, — гаворыцца ў дакуменце.

Польскія парламентарыі заклікалі беларускія ўлады неадкладна спыніць пераслед і вызваліць усіх арыштаваных і асуджаных, а таксама выказалі салідарнасць з ахвярамі рэпрэсій, іх роднымі і блізкімі.

Фота: ТВ Центр