Пачаўся конкурсны адбор на «Басовішча-2017»



Чарговы, ужо 28-ы фестываль беларускай музыкі «Басовішча» пройдзе 14-15 ліпеня пад Гарадком, што на Падляшшы. З 27 сакавіка да 27 красавіка пройдзе інтэрнэт-адбор гуртоў на ўдзел у фестывалі. Правілы тут, форму заяўкі можна запоўніць тут. 

У конкурсе могуць узяць удзел выканаўцы і гурты, «асноўную частку рэпертуару якіх складаюць кампазіцыі на беларускай мове», у якіх выдадзена не больш за два альбомы і ў якіх сярэдні ўзрост удзельнікаў гурту не перавышае 30 гадоў.

Пасля падачы заявак журы адбярэ 10 гуртоў для ўдзелу ў другім этапе конкурсу — канцэртным праслухоўванні «Адборышча», якое пройдзе ў Менску. Там будуць абраныя ўжо 4 гурты, якія возьмуць удзел у фінальным этапе конкурсу на фестывалі „Басовішча”, дзе канчатковага пераможцу вызначыць журы.

Пераможца атрымае грашовую ўзнагароду, магчымасць выступіць у другі дзень фестывалю 2017 года, месца ў праграме фестывалю ў 2018 годзе і ратацыю песень на нашым радыё.

Беларускім Радыё Рацыя