Аляксандр Саенка прэзентаваў „Цішыню паверхаў”



Вернісаж работ гарадзенскага фотажурналіста Аляксандра Саенкі прайшоў у гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця. Тэматыка выставы нязвыклая сваёй філасофіяй, задумай.

Тут няма пазітыву, гэта развага над чалавечым існаваннем падчас зямнога жыцця і пасьля яго. Назва выставы „Цішыня паверхаў”.

– Я лічу сябе фатографам смутку, таму што ў маіх персанальных праектах фактычна няма вясёлых, жыццярадасных тэм. У сваім фотапраекце я адмыслова не паказваю жывых людзей. На фотаздымках – партрэты з надмагільных помнікаў і людзі з закрытым тварам. Гэта метафары, як быццам ідуць зомбі, яны ідуць з працы – на працу, з працы – дадому. І ў іх заўсёды адзін і той жа шлях. І ідуць яны, нахіліўшы галаву.

Персанальная выстава Аляксандра Саенкі, прызёра конкурсу „Прэс фота Беларусі”, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў  будзе працаваць у Цэнтры гарадскога жыцьця да 18-га красавіка. Уваход вольны.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара