Партыя БНФ патрабуе правесці парламенцкае расследаванне падзей 25 сакавіка
Партыя БНФ патрабуе парламенцкага расследавання падзей 25 сакавіка. З адпаведнай заявай кіраўніцтва партыі звярнулася ў Палату Прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь і патрабуе стварэння адпаведнай парламенцкай камісіі, якая павінна даць прававую ацэнку дзеянням сілавікоў.
“Тое, што было здзейснена ўладамі на Дзень Волі – гэта злачынства супраць беларускага народа”, – так лічыць намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
– Сённяшні наш зварот да дэпутатаў зроблены з мэтай звярнуць увагу дэпутатаў на тыя супрацьзаконныя дзеянні сілавікоў – гэта збіццё людзей, гэта арышты, затрыманні – мы лічым гэта быў здзек над беларускім народам, гэта злачынства, і злачынства павінна быць пакарана. Такім чынам мы патрабуем ад дэпутатаў стварыць камісію па расследаванню гэтых дзеянняў сілавікоў і Менгарвыканкаму, зрабіць слуханні і пасля слуханняў вынесці рашэнне на карысць пацярпелых, на карысць беларускага заканадаўства.
У заяве, накіраванай парламентарам, адзначаецца, што кіраўніцтва і сябры партыі БНФ, як і многія іншыя грамадзяне краіны, “абураныя аднаўленнем практыкі масавых затрыманняў, збіцця ды арыштаў удзельнікаў мірных акцый пратэсту ў Беларусі”.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя