«Абуджэнне пачуццяў” ад Міколы Бушчыка
У аўторак, 4 красавіка, у бібліятэцы імя Цёткі ў Менску адкрылася выстава беларускага мастака Міколы Бушчыка “Абуджэнне пачуццяў”.
Ракаўскія матывы.
На суд гледачоў мастак вынес шэраг сваіх арыгінальных і цікавых прац, большасць з іх прысвечана беларускай прыродзе і вясковай тэматыцы. Сярод карцін мастака, якія адразу кідаюцца ў вочы, гэта творы “Загадкавыя аблокі”, “Вячэрнія дрэвы”, “Чароўны туман”, “Летняе сонца” і іншыя.
Загадкавыя аблокі.
Чароўны туман.
Родам Мікола Бушчык з вёскі Дзераўная Слонімскага раёна. Ён вельмі адданы сваёй бацькоўскай зямлі, дзераўноўскім краявідам. Аб гэтым сведчаць яго шматлікія палотны: “У Слоніме”, “Лета ў Дзераўной”, “Высацкае возера”, “Дрэвы на ўскрайку”, “Захад сонца”, “Даль светлая”, “Ранак над вёскай”, “Ранняя вясна”.
Вячэрні спакой.
Менавіта тут, на радзіме, захавалася бацькоўская хата, куды мастак часта наведваецца, марыць аб тым, каб гэта мясціна стала сваеасаблівым месцам сустрэчы яго сяброў – мастакоў, музыкантаў, паэтаў. Тут ён шмат працуе, стварае новыя творы.
Прастора, стыхія і любоў.
Сустрэча дня і ночы.
Летняе сонца.
Светлы, чысты ранак.
Мікола Бушчык падчас адкрыцця выставы адзначыў, што праз колер ён перадае сваё светаўспрыманне, разуменне навакольнага асяроддзя і сучаснага жыцця. Ён пільна назірае за тым, як рухаецца свет, што ў ім адбываецца. “Сапраўдны мастак – той, хто з характэрных дэталяў збірае вобраз часу”, – адзначыў Мікола Бушчык.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Менск