Віталь Рымашэўскі зноў аштрафаваны
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі аштрафаваны на 1.150 рублёў (50 базавых велічынь) за ўдзел у акцыі па абароне Курапатаў. Такое рашэнне 5 красавіка вынес намеснік старшыні суда Савецкага раёна Менска Аляксандр Якунчыхін.
Паводле слоў Рымашэўскага, 24 лютага ён прысутнічаў у Курапатах не больш за 15 хвілін, прыехаў туды, даведаўшыся, што паміж удзельнікамі лагера па абароне Курапатаў і будаўнікамі здарылася бойка, а актывіст „Маладога фронту” Сяргей Пальчэўскі прыкаваў сябе наручнікамі да будаўнічай тэхнікі.
„Калі я туды прыехаў, Пальчэўскі ўжо быў вызвалены ад наручнікаў і свабодны. Я пагаварыў з некалькімі людзьмі, і потым журналісты папрасілі мяне даць каментар. Вось за гэта мяне сёння і судзяць”, — сказаў Рымашэўскі БелаПАН.
Сведкам у судзе выступіў адзін з будаўнікоў, які паведаміў, што бачыў Рымашэўскага ля будпляцоўкі ў самым канцы пікета, калі ён даваў інтэрв’ю.
Нягледзячы на паказанні сведкі і довады адваката Рымашэўскага, які выступіў на судзе, суддзя прызнаў палітыка вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў і аштрафаваў яго.
Каментуючы рашэнне суда, Рымашэўскі назваў яго „мяккім па сённяшніх мерках”. Прызначэнне штрафу, а не арышту Рымашэўскі звязвае з рэакцыяй структур Еўразвяза на падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі.
„Я прабыў у Курапатах 15 хвілін, атрымліваецца, што адна хвіліна мне каштавала прыкладна 40 даляраў”, — іранічна адзначыў Рымашэўскі.
У сярэдзіне лютага на пляцоўцы на скрыжаванні вуліцы Мірашнічэнкі і МКАД ля ўрочышча Курапаты было пачата будаўніцтва пяціпавярховага бізнес-цэнтра. Прадстаўнікі грамадскасці і мясцовыя жыхары выступілі супраць будаўніцтва, палічыўшы яго незаконным. На працягу 15 дзён, пачынаючы з 20 лютага, актывісты моладзевай арганізацыі „Малады фронт” (не зарэгістраваная ў Беларусі) і неабыякавыя беларусы, якія далучыліся да іх, дзяжурылі каля будпляцоўкі, не даючы будаваць спрэчны аб’ект.
24 лютага ў Курапатах актывіст „Маладога фронту” Сяргей Пальчэўскі прыкаваў сябе наручнікамі да „МАЗа” і лёг пад машыну будаўнікоў.
У пачатку сакавіка кіраўніцтва кампаніі „Белрэканструкцыя” абвясціла пра сваё рашэнне спыніць будаўніцтва бізнес-цэнтра. 3 сакавіка ў лагеры абаронцаў Курапатаў прайшоў мітынг, удзельнікі якога прынялі зварот да ўладаў з патрабаваннем забараніць любое будаўніцтва блізу Курапатаў і аднавіць ахоўныя зоны ўрочышча, зацверджаныя ў 2003 годзе.
Паведамляе БелаПАН