Вызначыліся ўсе ўдзельнікі плэй-оф баскетбольнага чэмпіянату Беларусі
На чэмпіянаце Беларусі па баскетболе сярод мужчынскіх каманд вызначыліся ўсе ўдзельнікі матчаў на выбыванне.
Пераможца рэгулярнага сезона магілёўскі клуб „Барысфен” у чвэрцьфінальнай серыі да дзвюх перамог сустрэнецца з менскім БДЭУ. Баскетбалісты „Гродна-93”, якія 8 разоў станавіліся чэмпіёнамі, згуляюць яшчэ з адным сталічным клубам „Імпульс-БДУІР”, віцебскі „Рубон” будзе сапернічаць з рэзервовым складам дзеючага чэмпіёна краіны „Цмокі-Мінск”. Матчы пройдуць 7 і 8 красавіка. Галоўная каманда менскіх „драконаў” пачне выступленне ў нацыянальным першынстве з паўфінальнай стадыі, куды выйдуць і тры пераможцы чвэрцьфінальных серый.
На жаночым чэмпіянаце Беларусі ў бліжэйшыя выхадныя стартуюць „медальныя” серыі. У барацьбе за золата цяперашнія ўладальніцы золата баскетбалісткі „Гарызонта”, якія прадстаўляюць Менскую вобласць, 8 і 9 красавіка прымуць у Стоўбцах віцэ-чэмпіёнак краіны „Цмокі-Мінск”, а 14 красавіка сапернікі правядуць трэці паядынак у Менску. Перад вырашальнымі сустрэчамі нацыянальнага першынства „Гарызонт” прыняў удзел у заключным раўндзе Усходне-еўрапейскай лігі. У славацкім горадзе Кошыцы падапечныя Наталлі Трафімавай спачатку ўступілі баскетбалісткам латвійскага ТТТ з Рыгі (42:84), а затым атрымалі дзве вікторыі – над турэцкім „Стамбулам” (95:39) і літоўскім „Кібіркшцісам” з Вільні (65:63), заняўшы 5-е падагульняючае месца. Пераможцам гэтага турніру сталі баскетбалісткі „Кошыцы”, якія разграмілі ў вырашальным паядынку рыжанак з лікам 67:44.
У барацьбе за бронзавыя медалі чэмпіянату Беларусі гарадзенская „Алімпія” сустрэнецца з клубам „Гомель-Сож”. Першыя матчы пройдуць 8 і 9 красавіка ў Гародні, 14 красавіка саперніцы згуляюць у Гомелі.