Кампанія „Лiдскае піва” пачала выкарыстоўваць беларускую мову
Кампанія „Лідскае піва” перайшла на беларускую мову ў сферы ўнутраных і вонкавых зносін і афармленні прадукцыі, паведаміла журналістам 5 красавіка ў Мінску менеджар па карпаратыўных камунікацыях прадпрыемства Наталля Яфімкіна.
Паводле яе слоў, пра такі намер прадпрыемства паведамляла яшчэ год таму. „У першаю чаргу мы зрабілі па-беларуску фірмовы стыль для гатунку „Лiдскае Легенда”, пазней на беларускую мову і новы стыль перарабілі серыю „Калекцыя майстра”. У новым лагатыпе „Лідскага піва” мы сканцэнтраваліся на назве і сімвале кампаніі — алені”, — адзначыла Яфімкіна.
Звычайныя пакупнікі і прадстаўнікі бізнесу, згодна з апытаннямі, прадэманстравалі лаяльнасць да нацыянальнай мовы. „Мы бачым вялікую падтрымку пераходу [на беларускую мову] і ўжывання новага сімвала і беларускамоўных этыкетак”, — падкрэсліла менеджар.
Яфімкіна адзначыла, што ў Расею будзе па-ранейшаму экспартавацца прадукцыя з этыкеткамі на рускай мове.
Яна дадала, што паступова беларусізуецца таксама камунікацыя ўнутры кампаніі, роднай мовай пачынаюць карыстацца ў рассылцы, дакументаабароце, карпаратыўным бюлетэні.
Адказваючы на пытанне, колькі спатрэбілася сродкаў на рэбрэндынг, генеральны дырэктар кампаніі Аўдрыус Мікшыс адзначыў: „Гэта не вельмі вялікія затраты, калі параўноўваць з вартасцю роднай мовы ў краіне”.
belapan.by