Берасцейскае “Дынама” перамагло БАТЭ



5 красавіка прайшлі першыя паўфінальныя паядынкі Кубку Беларусі па футболе. Першымі на поле выйшлі гульцы “Слуцку” і салігорскага “Шахцёра”. На мяч слуцкага легіянера з Украіны Дзмітрыя Юсава госці адказалі голавым дуплетам форварда Мікалая Януша. Усе галы былі зафіксаваныя ў першым тайме. Выніковыя 2:1 на карысць “Шахцёра” і ў гэтай пары салігорцы перад матчам у адказ яшчэ больш умацаваліся ў ролі фаварытаў.

У іншай сустрэчы берасцейскае “Дынама” прымала позна ўвечары барысаўскі БАТЭ і дамаглося пераканаўчай вікторыі – 2:0. Пры тым гаспадары двойчы не рэалізавалі пенальці. У самым дэбюце 11-мятровы зарабіў аргентынец Леандра Торрэс, сам падышоў да “кропкі”, першым стрэлам не прабіў Дзяніса Шчарбіцкага, але паўторным даслаў мяч у сетку галавой. У пачатку другога тайма іншы легіянер берасцейцаў, ганец Джоэл Фамее, быў збіты ў штрафной супернікаў – пенальці .Нападнік сам узяўся выконваць справядлівы прысуд арбітра, але запусціў мяч над крыжавінай каркасу брамы. Праўда, неўзабаве Фамее рэабілітаваўся і дакладным ударам другі раз прывёў у экстаз прыбужскую тарсіду. Далей моманты мелі абедзве каманды, але дынамаўцы куды больш тытулаваных барысаўцаў заслужылі перамогу. БАТЭ ў гэты дзень выглядаў зусім непераканаўча, а ў абароне проста правальна.

Другія матчы паўфіналу кубку краіны пройдуць 26 красавіка.

Беларускае Радыё Рацыя