Судны тыдзень у Пінску (абноўлена)



10 з 12 фігурантаў па справе “пінскай плошчы” асуджаныя да арыштаў і штрафаў. Напрацягу тыдня ў Пінску судзілі ўдзельнікаў мірнай акцыі, якая адбылася 26-га сакавіка. Тады на пінскую плошчу выйшла каля 60 грамадзян, каб выказаць салідарнасць з затрыманымі па краіне ў Дзень Волі і супраць Дэкрэту №3.

Нягледзячы на тое, што кіраўніцтва Пінскага ГАУСа паабяцала прысутным на плошчы, што аніякага пераследу не будзе, ўжо праз некалькі дзён 12 удзельнікаў даведаліся пра адміністрацыйныя справы. Чатырох грамадзян акрамя ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве звінавацілі і ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Усе пакараныя не прызналі сваёй віны і збіраюцца абскарджваць рашэнне Суда Пінскага раёна і горада Пінска ў вышэйшых установах.

Спіс пакараных:

Алесь Рамановіч – 15 сутак арышту і 40 базавых велічыняў штрафу;

Ігар Салавей – 5 сутак арышту і 10 базавых велічыняў штрафу;

Ігар Петрушкевіч – 5 сутак арышту і 10 базавых велічыняў штрафу;

Іван Жук – 10 базавых велічыняў штрафу;

Мікалай Міхалевіч – 10 базавых велічыняў штрафу;

Ніна Шаршун – 10 базавых велічыняў штрафу;

Чатыры пінчукі, якія пажадалі, каб іх імя і прозвішча не агучвалася ў СМІ, атрымалі па 10 базавых велічыняў штрафу. Таксама адзін фігурант яшчэ не з’явіўся ў суд.

На 11 красавіка перанесены разгляд справы Андрэя Вабішчэвіча. Ён заяўляе, што ўвогуле не знаходзіўся на плошчы, што, між іншым, збіраецца даказаць праз запіс відэакамер вулічнага назірання.

* * * 

У Пінску працягваюцца суды над удзельнікамі акцыі 26-га сакавіка. Тады на гарадскую плошчу ў знак салідарнасці з затрыманымі ў Менску на Дзень Волі і супраць Дэкрэта №3 выйшла каля 60 грамадзян, з якіх 12 трапіла пад пераслед. Ужо засуджана 8 чалавек.

Раніцай вынесены чарговы прысуд: Ігар Салавей атрымаў 5 сутак арышту за ўдзел у акцыі і 10 базавых велічыняў штрафу за нібыта непадпарадкаванне АМАПу падчас затрымання. Актывіст паспеў пракаментаваць нашаму радыё судовы працэс:

— Яшчэ напачатку суда было ўжо зразумела, што ён скончыцца арыштам, бо у самым пачатку выклікалі канвой з двух міліцыянтаў. Гэта паказальны працэс, гэта замова. Я чакаў такі прысуд і падрыхтаваўся.

Пінскі суд яшчэ разгледзіць справы: Мікалая Міхалевіча, Ігара Петрушкевіча, Ніны Шаршун і пінчука, які пажадаў, каб яго імя не фігуравала ў СМІ.

***

6 красавіка: 

Агалошанне рашэнне па справе грамадскага актывіста Ігара Салаўя перанесянае на раніцу пятніцы, 7-га красавіка, а палове на 10-ю гадзіну. Працяг разгляду справы ў дачыненні да яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі 26-га сакавіка, пінчука Андрэя Вабішчэвіча, перанесены на 11-га красавіка. Вабішчэвіч увогуле не прысутнічаў на пінскай плошчы, што спрабуе давесці праз аналіз відэакамер вулічнага назірання.

Ігар Салавей прадставіў суду відэа, дзе бачна, што ён не аказваў непарадкавання АМАПу, а таксама бачна, што праз некалькі хвілін яго вызваляюць з аўтазака. Актывіст прад’явіў даведку, што з’яўляецца адным з заснавальнікаў інфармацыйна-асветніцкай арганізацыі па статуце якой мае праве весці відэаздымкі масавых мерапрыемстваў ды рабіць маніторынг думак грамадства. Суд гэтыя факты прыняў да разгляду.

Нагадаем, што з 4 красавіка ў Пінску праходзяць судовыя працэсы над 12-цю грамадзянамі за акцыю 26-га сакавіка, якая адбылася на гарадской плошчы ў знак салідарнасці з затрыманымі ў Менску і супраць Дэкрэта №3. Ужо пакарана 7 чалавек штрафамі ад 8 да 40 базавых велічыняў.

Прадстаунiк „Руха За Свабоду” у Пiнску, сябра Партыi БНФ Алесь Рамановiч засуджаны да 40 базавых велiчыняў за нiбыта непадпарадкаванне праваахоўнiкам i 15 суткам па іншым пратаколе за ўдзел у акцыi 26-га сакавiка, якая адбылася на плошчы Пiнска.

Перад прысудам актывіст паведаміў нашаму радыё, што ўсе рашэнні маюць на мэце запалохаць грамадзян:

– Гэта разлічана на тое, каб у людзей перамог страх над абурэннем. Таму што зараз у людзей два пачуцці да ўлады – гэта страх і абурэнне. Мэта ўлады – каб перамог страх менавіта ў простых людзей, не ў апазіцыі.

***

Алесь Рамановiч запатрабаваў выклiкаць у суд кiраўнiка Пiнскага ГАУСа Валерыя Сарочанку. Суддзя не задаволiў гэтае хадайнiцтва i Рамановiч папрасіў пiсьмова замянiць суддзю. Абвешчаны перапынак. У залi знаходзяцца два мiлiцыянты, прысутная група падтрымкi актывiста ўпэўнена, што гэта значыць канвой, а значыць актывіста можа чакаць адміністрацыйны арышт.

Усе сведкi – супрацоунiкi мiлiцыi, яны сцвярджаюць, што Рамановiч быў затрыманы пасля папярэджання пра несанкцыянаваны сход i аказаў непадпарадкаванне. Актывiст прыйшоў на суд з торбай у якой падрыхтаваў неабходныя рэчы для знаходжання ў iзалятары.

Алесь Рамановіч піша хадайніцтва

***

Чакаецца разгляд спраў Алеся Рамановіча, Ігара Салаўя і Андрэя Вабішчэвіча. Першых двух вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванні міліцыі.

Па назіраннях грамадскага актывіста Ігара Салаўя за судовымі працэсамі па справе “пінскай плошчы”, ўсё вядзецца да таго, каб кожны фігурант атрымаў пакаранне:

— Відавочна, што гэта паказальны працэс, я назіраю ўжо другі за судовішчамі і мае меркаванне, што гэта заказныя суды, сведкі-міліцыянты блытаюцца ў сваіх паказаннях, усе фігуранты па гэтай справе атрымоўваюць пакаранне.

А 11-й гадзіне ў судзе Пінскага раёна і горада Пінска пачынаецца разгляд справы ў дачыненні да мясцовага прадстаўніка “Руху За Свабоду”, сябра Партыі БНФ Алеся Рамановіча. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванні праваахоўным органам падчас затрымання. 

Сам Алесь Рамановіч кажа, што судовы працэс, які адбыўся ўжо над 4 фігурантамі справы “пінскай плошчы”, нагадвае нейкі фарс:

—  Уражанне менавіта такое, што быццам у суддзяў ужо ёсць рашэнне па гэтых судах. Асабліва паказальным быў апошні суд, калі чалавек пачаў задаваць сведкам пытанні, а сведкі не маглі адказаць дзе менавіта знаходзіўся чалавек і ў які прамежак часу. Пачалі блытацца. А суддзя нават не звярнуў увагі на гэта і ўсё адно прысудзіў чалавеку 8 базавых.

З 4 красавіка ў Пінску праходзяць судовыя працэсы над 12-цю грамадзянамі за акцыю 26-га сакавіка, якая адбылася на гарадской плошчы ў знак салідарнасці з затрыманымі ў Менску і супраць Дэкрэта №3.

Тады на пінскую плошчу выйшла каля 60 гараджан.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск