Партыя БНФ звярнуліся ў Палату прадстаўнікоў



Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і яго намеснікі Рыгор Кастусёў, Вольга Лагвіновіч і Алесь Стральцоў перадалі звароты ў Палату прадстаўнікоў.

У дакуменце адзначаецца, што кіраўніцтва і сябры Партыі БНФ, як і многія іншыя грамадзяне краіны, абураныя аднаўленнем у сакавіку практыкі масавых затрыманняў, збіцця ды арыштаў удзельнікаў мірных акцый пратэсту ў Беларусі.

Адзначае намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

– Мы перадалі ў Палату прадстаўнікоў звароты да ўсіх 110 дэпутатаў звароты з патрабаваннем разабрацца ў тых падзеях, якія адбыліся 25 сакавіка ў горадзе Менску, калі былі збітыя грамадзяне. Таксама адносна тых падзей, якія адбываліся напярэдадні і пасля 25 сакавіка – арышты ды затрыманні. Мы патрабуем стварэння камісіі, патрабуем правядзення слуханняў у парламенце па гэтых пытаннях і плануем атрымаць адказ ад усіх дэпутатаў адносна таго, што яны будуць рабіць, каб разабрацца ў гэтым.

Звяртаюць увагу прадстаўнікі БНФ на абуральныя факты затрыманняў, ужывання фізічнай сілы, арыштаў беларускіх і замежных журналістаў, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі ды асвятлялі палітычныя падзеі ў Беларусі.

Дэпутатаў просяць разабрацца і з грубым парушэннем закону “Аб масавых акцыях” Менскім гарвыканкамам, якое выявілася ў фактычным ігнараванні пададзенай заяўкі на 25 сакавіка ды забароне мірнай дэманстрацыі менш чым за дзень да мерапрыемства.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя