Нармалізацыя дачыненняў – ужо год, а праблем – усё больш
Група польскіх дэпутатаў на чале з нацыяналістам Адамам Андрушкевічам зноў сабралася ў Менск. Парламентарыі плануюць сустрэцца з чальцамі Палаты Прадстаўнікоў 10 красавіка, а маршалак Сейма ўжо выдаў свой дазвол, таму візіт будзе лічыцца афіцыйным. У той жа час ані мэта, ані прадмет сустрэчы грамадскасці невядомы.
Сустаршыня Беларускага Дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк зазначыў, што не спадзяецца на нейкія пазітыўныя вынікі ад такога візіту:
– Зыходзячы з таго, які склад гэтай дэлегацыі, я думаю, што нічога добрага гэты візіт не прадбачвае. Калі гэта чарговы візіт, каб нармалізаваць польска-беларускія стасункі (а іх ужо год нармалізуюць), то праблем усё больш. І не толькі з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці, але і з польскай меншасцю ў Беларусі, якой абмяжоўваюць права навучання на польскай мове.
Нагадаем, што дэлегацыю польскіх парламентарыяў мае ачоліць Адам Андрушкевіч. Увесну 2016 года гэты дэпутат удзельнічаў у скандальным шэсці ў гонар Рамуальда Райса “Бурага”, камандзіра антыкамуністычнага атрада, які забіваў цывільных беларусаў па нацыянальнай прыкмеце.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава