Бабруйскі гарвыканкам дазволіў апазіцыі правесці мітынг
Санкцыянаваны гарвыканкамам мітынг за правы і свабоды чалавека запланаваны ў Бабруйску на нядзелю, 9 красавіка. Ён пачнецца ў 12.00 на стадыёне фабрыкі „Славянка” на вуліцы Урыцкага, 76а.
„Будзем узнімаць і пытанне дэкрэта №3, і астатніх дэкрэтаў, і кантрактнай сістэмы, і наколькі ў нас справядлівыя і сумленныя суды. Таксама будзем патрабаваць свабоду палітвязням”, — сказала БелаПАН заяўніца мітынгу, лідар незалежнага прафсаюза РЭП у Бабруйску Галіна Смірнова.
Разам з тым яна паведаміла, што, дазволіўшы мітынг, чыноўнікі прапанавалі ёй заключыць дамову на аказанне паслуг міліцыі. „Мы ў паслугах міліцыі не маем патрэбы — аплачваць міліцыі, каб яна нас не кранала. А тое, што яны ўчынілі 26 сакавіка, то такая паслуга нам не патрэбная. Тым больш на іх ускладзены абавязак нас ахоўваць”, — адзначыла актывістка.
26 сакавіка прыблізна 40 чалавек былі затрыманыя ў Бабруйску ля плошчы Перамогі — на месцы запланаванай, але не санкцыянаванай акцыі ў гонар Дня Волі і супраць дэкрэта №3. Праз некалькі гадзін практычна ўсе яны былі адпушчаныя без складання пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях.
На працягу сакавіка ў Бабруйску неаднаразова затрымлівалі грамадскіх актывістаў, якія пасля былі арыштаваныя паводле абвінавачання ў дробным хуліганстве альбо ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту.
„Усе мітынгі, якія прайшлі, былі вартыя гэтага, нягледзячы на тое што з намі вельмі жорстка абышліся. Улады пачулі простых людзей, таму што нас, актывістаў, блакавалі, але просты народ справіўся без „разынак”, — сказала Смірнова.
Паведамляе БелаПАН