На „Moodle” з’явілася праграма для вывучэння беларускай мовы



Мультымедыяльная праграма для вывучэння беларускай мовы, гісторыі і культуры была прэзентавана падчас трэцяга з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі краінаў СНД у Менску.

Праграма будзе даступна на платформе „Moodle” у тым ліку і для настаўнікаў беларускай мовы ў Польшчы, кажа дырэктар Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім Андрэй Сцепанюк:

– Звярнула маю ўвагу тое, што рыхтуе Нацыянальны інстытут адукацыі – гэта мультымедыяльная падрыхтоўка да навучання беларускай мовы, беларускай літаратуры, беларускай гісторыі, беларускай культуры. Размаўлялі таксама з прадстаўнікамі гэтага інстытута, яны сказалі, што праз некалькі месяцаў на  платформе „Moodle” некаторыя матэрыялы можна будзе спампаваць. Тое, што будзе падрыхтавана ў Рэспубліцы Беларусь для нас, для навучання беларускай мовы, вельмі важна.  

З’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі краінаў СНД праходзіў ужо ў трэці раз. Форум накіраваны на інтэграцыю краін СНД у сферы адукацыі, навукі і культуры. Першы з’езд прайшоў у Астане (Казахстан), другі – ў Ерэване (Арменія).

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя