На арыштаванага Паўла Севярынца склалі новы пратакол
У дачыненні да сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца супрацоўнікі РУУС Маскоўскага раёна склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэнні за ўдзел 30 сакавіка ў сустрэчы ўдзельнікаў акцый пратэсту, якія вызваляліся з цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вул. Акрэсціна ў сталіцы. Пра гэта прэс-служба БХД паведамляе са спасылкай на жонку палітыка Вольгу Севярынец.
Як паведамлялася, Севярынец з 31 сакавіка адбывае ў ЦІП 10-сутачны арышт за ўдзел у акцыі па абароне Курапатаў — суд Савецкага раёна вынес такое рашэнне раніцай таго ж дня. Паводле слоў Вольгі Севярынец, яе мужа ў ізалятары наведалі міліцыянеры і паведамілі, што ў дачыненні да яго складзены пратакол за тое, што ён „разам з Мікалаем Статкевічам і Уладзімірам Някляевым разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг, сустракаючы людзей, якія вызваляюцца з Акрэсціна”.
Паводле яе слоў, дата новага суда над Паўлам Севярынцам пакуль не прызначаная. Аднак 10 красавіка над ім чакаецца суд за акцыю ля будынка КДБ вечарам 31 сакавіка. Севярынец прыйшоў да КДБ, каб узяць удзел у акцыі салідарнасці з затрыманымі па справе аб так званай арганізацыі масавых беспарадкаў. Ён паспеў падняць два плакаты з партрэтамі затрыманых і выгукнуць „Свабоду палітвязням!”. Акрамя яго было затрымана яшчэ некалькі чалавек. Севярынца даставілі ў Цэнтральнае РУУС, адкуль адвезлі ў ЦІП.