У Гародні адраджаюць батанічны сад XVIII стагоддзя



У Гродне працягнулі справу неабыякавай гараджанкі па адраджэнні батанічнага саду XVIII стагоддзя. У гарадскім парку імя Жылібера сёння высадзілі некалькі новых раслін, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. У Гародні на пляцоўцы, выдзеленай гарвыканкамам пад адраджэнне батанічнага саду, высадзілі дрэвападобную півоню, хмызняк скумпію, белую і жоўтую лапчатку, японскую спірэю і іншыя.

Калісьці гэтыя расліны раслі ў батанічным садзе, закладзеным ў XVIII стагоддзі Жанам Эмануэлем Жыліберам. Імя французскага вучонага носіць цэнтральны парк ў Гародні, у якім з 2009 года пачалі высаджваць расліны з яго спісу.

Фота wikimapia.org

Энтузіястам выступіла неабыякавая жыхарка Гародні Наталля Канюк, аднак у студзені 2017 года яна памерла. „Было вырашана працягнуць справу Наталлі Рыгораўны. Шэфам узнаўлення батанічнага саду выступіла наша школа. У ёй вучыўся сын Наталлі Канюк, вучыцца яе ўнук, ды і сама яна нямала дапамагла школе, у тым ліку пры стварэнні музея „Дружбы народаў „, – адзначыла намесніца дырэктара СШ №8 па вучэбнай рабоце Алена Карнеева. Школьнікі ўдзельнічалі ў пасадцы новых раслін, яны ж будуць прыглядаць за батанічным садам. Таксама школа плануе стварыць экскурсійны маршрут і праводзіць урокі, напрыклад, біялогіі на адкрытым паветры.

Сын Наталлі Канюк – Зміцер распавёў: „Нам прыемна, што справа маці жыве. Дома яшчэ засталіся расліны, якія яна хацела тут высадзіць. Напрыклад, набіраецца сіл авакада”. За апошнія гады высаджана больш за 100 раслін, аднак да саду, які быў пры Жыліберы, пакуль далёка. Да 1778 году тут налічвалася больш за 2 тыс. раслін, 1,2 тыс. з якіх былі рэдкімі і экзатычнымі.

Ні шэфы, ні кіраўніцтва горада ад планаў па адраджэнні не адмаўляюцца. Ёсць спіс усіх раслін, што павінны тут расці. Таму сад будзе пашырацца. Як адзначыла ландшафтны архітэктар прадпрыемства „Гродназелянбуд” Таццяна Пашкевіч, новыя расліны плануецца высаджваць двойчы на ​​год – вясной і восенню. Добрай традыцыяй стала дапамога неабыякавых гараджан і нават жыхароў замежжа ў пошуку насення і саджанцаў рэдкіх раслін: у Гародні спадзяюцца, што яна атрымае свой працяг і сад будзе адроджаны.

Фота Леаніда Шчаглова