Васіль Парфянкоў, магчыма, выйдзе на волю з ізалятара



Палітычны зняволены Васіль Парфянкоў, які адбывае пакаранне ў Горацкай калоніі, два тыдні правёў у штрафным ізалятары. Гэта ўжо далёка не першае змяшчэнне грамадска-палітычнага актывіста ў ШЫЗА. А раней у якасці пакарання ён быў пераведзены з так званай „зоны” ў памяшканне камернага тыпу, фактычна камеру – адзіночку. Пра сітуацыю вакол Парфянкова даведалася кінарэжысёр і грамадская актывістка Вольга Нікалайчык, якая пастаянна лістуецца з ім.

– Засталося яму сядзець два месяцы. У яго адчуванне, што ён ужо выйдзе з памяшкання камернага тыпу на волю. І напісаў, што для яго гэта лепей, бо ўсе гэтыя пераезды на зону, хоць яму зона палагалася ўжо, для яго не вельмі добра, таму што гэта ўвесь час адаптацыя, і таму ў прынцыпе, як ён сказаў, гэта можа і да лепшага, што гэтыя два месяцы ён даседзіць. Перад тым ён да 21 верасня знаходзіўся два тыдні ў ШЫЗА.

Тым не менш, як кажа Вольга Нікалайчык, настрой у Васіля Парфянкова някепскі. „Ён прызвычаіўся да сваёй сітуацыі. Чытае, моліцца. Вельмі рады, калі яму дасылаюць лісты і адразу на іх адказвае”. Васіль Парфянкоў асуджаны на год зняволення за парушэнне ўмоваў прэвентыўнага нагляду.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя