Інваліду з Пінска не хапае сродкаў на пратэз



Працягваецца збор сродкаў на пратэз для інваліда-ўдзельніка пінскага маршу недармаедаў. У сакавіку 77-гадовы жыхар Пінска Мікалай Крычко выйшаў на акцыю пратэсту, каб выказаць незадаволенасць дзеяннямі ўлады.

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка быў вельмі ўражаны, калі ўбачыў выступ інваліда, які прыйшоў на мітынг на адной назе.

– Ён днямі даведаўся, які канчатковы рахунак выставіў яму цэнтр рэабілітацыі ў Менску. Гэта каля 6 тысячаў рублёў за пратэз каленнага сустава. Мы ўжо сабралі каля 2 тысячаў, трэба яшчэ 2 разы па столькі. Акцыя праходзіць не толькі па Гомелі, але і іншых гарадах, у сацыяльных сетках багата інфармацыі. Мікалай Трафімавіч адкрыў спецыяльны рахунак, у кожнае аддзяленне „Беларусбанка” можна прыйсці і наўпрост ахвяраваць пэўныя сродкі.

Пінчук Мікалай Крычко 14 гадоў таму пазбавіўся нагі падчас канфлікту з нецвярозым міліцыянтам, дзеянні якога прывялі да інваліднасці. Агульны кошт імпартнага пратэза – каля 6 тысячаў рублёў. Далучыцца да дапамогі можна праз ахвяраванне грошай у любым аддзяленні „Беларусбанка” па наступных рэквізітах: аддзяленне №121/134 у г. Пінску. Разліковы рахунак 000092. Атрымальнік: Крычко Мікалай Трафімавіч.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота media-polesye.by