Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргі грамадскіх актывістаў
Гарадзенскі абласны суд сёння разгледзеў касацыйныя скаргі чатырох удзельнікаў мірных акцый супраць дэкрэту “аб дармаедах”. Мікола Салянік і Вадзім Саранчукоў ужо адбылі адміністрацыйныя арышты, а Галіну Ламашэвіч і Вольгу Верамеенку суд першай інстанцыі пакараў штрафамі. Суддзя абласнога суда Уладзімір Янкоўскі пакінуў прысуды без зменаў.
На паседжанні прысутнічаў прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Беларускі Хельсінкскі камітэт Раман Юргель:
– За паўгадзіны суддзём былі разгледжаны касацыйныя скаргі чатырох заяўнікаў, якія былі незаконна і неабгрунтвана асуджаныя Ленінскім раённым судом Гародні 14 сакавіка за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Гэтыя несувымерныя штрафы з’яўляюцца вялікай падпіткай для пустога беларускага бюджэту на ўтрыманне тых самых судоў, міліцыянтаў і спецслужбаў.
Праваабаронца зьвярнуў увагу на тое, што несувымерна высокімі штрафамі і соднямі арыштаў караюцца пераважна актывісты палітычных партыяў і рухаў, што сьведчыць пра дыскрымінацыю па палітычных поглядах. Усе чацьвёра заяўнікі – сябры дэмакратычных апазіцыйных партыяў у Беларусі.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня