„У амерыканскай палітыцы Беларусь не стаіць на парадку дня”



На мінулым тыдні чацвёра сенатараў Злучаных Штатаў, у тым ліку былы кандыдат у прэзідэнты Джон Маккейн накіравалі ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім патрабавалі спыніць рэпрэсіі і не праводзіць сумесных вайсковых вучэнняў з Расеяй. Таксама некалькі дзён таму ў Вашынгтоне прайшла канферэнцыя па падзеях у Беларусі.

На жаль, разлічваць на актыўную амерыканскую падтрымку не прыходзіцца, гаворыць адзін з удзельнікаў канферэнцыі Францішак Вячорка, так як беларускае пытанне зноў зацмілі  іншыя праблемы:

– Насамрэч, увагі да Беларусі зараз не так шмат. Увагу на сабе сканцэнтравала Расея і Сірыя. У любым разе вайна ў Сірыі на руку Лукашэнку, гэта значыць, што на асаблівую ўвагу і падтрымку з боку Амерыкі цяпер чакаць не даводзіцца. Вядома, ёсць такія людзі як Марка Рубіо, як сенатар Маккейн, як Кардзін, якія з’яўляюцца сябрамі беларускай дэмакратыі і дэмакратычнага руху. Але зноў жа, Беларусь не стаіць на парадку дня.

Францішак Вячорка дадаў, што адміністрацыя прэзідэнта Трампа дагэтуль не сфармавала Дзярждэпартамент – орган, адказны за знешнюю палітыку Злучаных Штатаў. Чыноўнікі, якія мелі б займацца адносінамі з Беларуссю, яшчэ проста непрызначаныя. Тым не менш, справа ўвязненых патрыётаў можа прабудзіць інтарэс амерыканскіх урадоўцаў да сітуацыі ў Беларусі, зазначыў журналіст.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота facebook.com/viachorka

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.