На Аляксандра Кабанава склалі 3 пратаколы-апытанні
На бярозаўскага сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Кабанава складзены 3 пратаколы-апытанні. Адзін – нібы за пашкоджаную машыну грамадзянскай жонкі, другі – за пададзены ў вышук запыт судовымі выканаўцамі і трэці – за няяўку ў суботу па позве.
На думку Кабанава, гэта надуманыя прычыны, каб у суботу 8 красавіка ён не мог трапіць у Берасце на арганізацыйны сход групы актывістаў:
– Склалі пратакол апытання па машыне, да якой я ніякага дачынення не маю. І па судовых выканаўцах, якія ў вышук на мяне падалі, бо я на іх лісты не рэагую. Якраз прысутнічаў у кабінеце ўчастковы, які разам з судовымі выканаўцамі прыязджаў да мяне. Кажу, вось жа сведка таго, што мяне можна знайсці ў любы момант. І вы выдатна ведаеце, што ў мяне заўжды ўключаны тэлефон. Але як мяне знайсці судовыя выканаўцы, атрымліваецца, не ведаюць.
Паводле Кабанава, па заяве судовых выканаўцаў пасля Новага года Бярозаўскі суд пазбавіў яго правоў кіроўцы і выезду за мяжу на 5 гадоў. І гэта пры тым, што першы суд па справе яго, як фермера, з Бярозаўскімі электрасеткамі Аляксандр выйграў. Аляксандр Кабанаў лічыць, што ўсё з боку ўлады робіцца з адной мэтай: абмежаваць яго ва ўсім, у чым толькі можна, для спынення актыўнай палітычнай і грамадскай дзейнасці.
Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза