Стабільнасць курсу рубля больш не з’яўляецца мэтай Нацбанка



Мэтай дзейнасці Нацыянальнага банка Беларусі з’яўляецца забеспячэнне цэнавай стабільнасці, а не падтрыманне ўстойлівасці абменнага курсу рубля як раней. Змены ў статут Нацбанка ўнесены ўказам № 108.

Як паведамляе прэс-служба рэгулятара, указ прыняты „ў мэтах павышэння эфектыўнасці дзейнасці Нацыянальнага банка і ўдасканалення яго прававога статусу”.

Дакументам удакладнены асноўныя мэты дзейнасці Нацыянальнага банка Беларусі. Так, замест вызначанай раней мэты „абарона і забеспячэнне ўстойлівасці беларускага рубля, у тым ліку яго пакупніцкай здольнасці і курсу ў дачыненні да замежных валют”, у якасці асноўнай мэты цяпер устанаўліваецца падтрыманне цэнавай стабільнасці.

„Пад цэнавай стабільнасцю (устойлівасцю пакупніцкай здольнасці нацыянальнай валюты) разумеецца ўмераны агульны рост цэн у эканоміцы, які вымяраецца індэксам спажывецкіх цэн”, — тлумачыць Нацбанк.

На думку рэгулятара, падтрыманне цэнавай стабільнасці неабходнае для сацыяльна-эканамічнай сферы і дазваляе павысіць попыт на нацыянальную валюту ў якасці інструмента зберажэння, „прадухіліць інфляцыйнае пераразмеркаванне багацця і даходу, спрыяе забеспячэнню фінансавай стабільнасці”.

Замацаванне ў статуце мэты па падтрыманні цэнавай стабільнасці абумоўлена манетарнай прыродай інфляцыйных працэсаў, паведамляе рэгулятар.

„У доўгатэрміновай перспектыве рост грашовай масы, інтэнсіўнасць якога вызначаецца павелічэннем прапановы эмітаванай цэнтральным банкам нацыянальнай валюты, цалкам трансфармуецца ў рост цэн”, — падкрэслівае Нацбанк.

Таму, тлумачыць рэгулятар, неабходнасць ажыццяўлення кантролю над грашовай прапановай з’яўляецца „прычынай агульнасусветнай тэндэнцыі перадачы функцыі забеспячэння цэнавай стабільнасці пад адказнасць цэнтральнага банка”.

Нагадаем, цяперашняе кіраўніцтва Нацбанка, прызначанае ў канцы 2014 года, адмовілася ад практыкі таргетавання абменнага курсу беларускага рубля і з 2015 года прытрымліваецца рэжыму манетарнага таргетавання, дзякуючы якому імкнецца знізіць узровень інфляцыі. У 2017 годзе, згодна з афіцыйнай мэтай Нацбанка, рост спажывецкіх цэн не павінен перавысіць 9%.

belapan.by