Крочым па восені



З другой паловы тыдня сіноптыкі абяцаюць беларусам бабіна лета – тэмпература паветра значна павялічыцца, і ёсць шанец яшчэ крыху пагрэцца на сонейку. Радуемся.

Расея паабяцала Беларусі зменшыць страты ад падатковага манеўру ў нафтавай галіне. Радуемся? Сонечны сезон заканчваецца і варта шукаць у жыцці пазітыў.

Нафта – тэма балючая. З пазітыўных навінаў апошняга часу маем… У Беларусі пачалі здбываць сланцавую нафту. У верасні ўпершыню ў гісторыі айчыннай нафтавай прамысловасці на Рэчыцкім радовішчы пачалася прамысловая здабыча нафты са сланцавых парод. Добрая навіна, але беларускіх запасаў нафты так мала, што яны нас не выратуюць…  Што цікавага, акрамя чарговых палітычных “крок наперад – два крокі назад” адбываецца ў Беларусі?

Цікавыя рэчы адбываюцца ў горадзе Баранавічы на Берасцейшчыне… Менавіта тут прафсаюзныя актывісты правялі акцыю да Сусветнага дня змагання за годную працу і адпаведны заробак (якраз напярэдадні Дня настаўніка – лагічна!). Актывісты раздавалі ўлёткі і размаўлялі з людзьмі на вуліцах, у транспарце… Думаецца, цярплівых беларускіх настаўнікаў не настолькі моцна “прыціснула”, каб такая навіна стала для іх прынцыпова важнай. І Дзень настаўніка не нагода для мітынгу, а магчымасць атрымаць кветкі ў падарунак ад удзячных вучняў.

Між тым, у Баранавічах працягваецца конкурс “Лепшы баранавіцкі грыбнік”. Фота найлепшых чакае і друкуе выданне “Intex-pressOnline”. Галасаванка доўжыцца да 10 кастрычніка. Думаецца, такая навіна будзе шырэй абмяркоўвацца месцічамі! Як і чарговая буйная “тэматычная” канфіскацыя. У горадзе затрымалі аўто з 11 тонамі шампіньёнаў. Праваахоўнікі затрымалі аўтамабіль Рэно-Прэміум з незвычайным грузам, на які былі няправільна аформлены дакументы. Груз і машынка канфіскаваныя, але, безумоўна, яны могуць быць вернуты ўладальніку пасля праверкі Баранавіцкім дэпартаментам фінансавых расследванняў. Крочым далей па восені і сочым за навінамі.

Правінцыйнымі і сталічнымі. Сур’ёзнымі і не вельмі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ