У Маскве пройдуць чарговыя перамовы па нафтагазавых пытаннях



Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар прэм’ер-міністра Беларусі Уладзіслаў Сычэвіч, перамовы пройдуць у другой палове дня. Беларускую дэлегацыю ўзначаліць віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка.

3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу прайшлі перамовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным. Па выніках было заяўлена, што паміж краінамі не засталося нявырашаных пытанняў. Пуцін, у прыватнасці, паведаміў, што Расея і Беларусь на працягу 10 дзён урэгулююць пытанні ў нафтагазавай сферы, — гэты тэрмін заканчваецца 13 красавіка.

Прадстаўнікі беларускага ўраду 4 красавіка паведамілі, што пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь адновяцца ў ранейшых аб’ёмах не пазней за 13 красавіка. Пры гэтым новае пагадненне аб нафце будзе дзейнічаць да 2024 года ўключна. З Беларусі знятае абавязацельства пастаўляць у Расею 1 млн тон нафтапрадуктаў штогод.

Акрамя таго, Расея цалкам рэфінансуе ўсе даўгавыя абавязацельствы Беларусі ў памеры 750-800 млн даляраў, а „Газпром” зробіць зніжкі з паніжальным каэфіцыентам да формулы разліку кошту газу ў 2018 і 2019 гадах.

Расея таксама разглядае магчымасць выдачы Беларусі міждзяржаўнага крэдыту да 1 млрд даляраў на падтрымку бюджэту і плацежнага балансу.

Віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч 5 красавіка заявіў, што пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь павялічацца толькі пасля таго, калі Менск аплаціць доўг за пастаўлены газ. „Калі мы атрымаем плацеж за газ за мінулы перыяд, тады так, могуць пачацца. Але толькі ў гэтым выпадку”, — сказаў ён, адказваючы на пытанне пра магчымасць аднаўлення аб’ёмаў паставак нафты ў Беларусь 13 красавіка. Сума доўгу Беларусі за расейскі газ на сёння перавысіла 720 млн даляраў ЗША.

11 красавіка міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак паведаміў, што ўрад Расеі 13 красавіка разгледзіць праект пагаднення аб пастаўках нафты ў Беларусь. Расейскі міністр адзначыў, што Мінэнерга не плануе зацягваць падпісанне пагаднення, „бо кіраўніцтвам усталяваныя вельмі кароткія тэрміны”.

Праз некалькі гадзін адбылася тэлефонная размова Лукашэнкі з Пуціным. Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта Беларусі, у цэнтры ўвагі кіраўнікоў дзяржаў было „ўзаемадзеянне на інтэграцыйных пляцоўках і актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня”. Падрабязнасці размовы невядомыя.

Паводле БелаПАН