Больш за 1000 даляраў штрафу на дваіх
У Кобрыне завяршыўся суд над незалежнымі журналістамі з Берасця Алесем Ляўчуком і Міланай Харытонавай. Фрылансераў „Белсата” 18 сакавіка ў Кобрыне жорстка затрымалі невядомыя людзі ў цывільным ды сканфіскавалі прафесійную тэхніку.
Але судзілі за непадпарадкаванне міліцыі і парушэнне парадку вырабу прадукцыі СМІ. Вёў працэс суддзя Вадзім Здановіч, а самі журналісты ў Кобрын не паехалі, бо паводле Алеся Ляўчука ў гэтым не было сэнсу:
Алесь Ляўчук: Нам агулам з Міланай прысудзілі 85 базавых – гэта 1040 даляраў па сённяшнім курсе. Нас затрымалі 18-га ў Кобрыне, затрымалі даволі жорстка. Невядомыя людзі ў цывільным выцягнулі з машыны, пабілі нам тэхніку, пабілі нас. Потым завезлі нас у РАУС, пратрымалі чатыры гадзіны нічога не тлумачачы. Пасля на нас склалі пратакол пра непадпарадкаванне міліцыі.
РР: Судзілі за непадпарадкаванне міліцы, а не за журналістыку?
Алесь Ляўчук: Так. Потым, калі пачалося першае пасяджэнне суда, прыехаў супрацоўнік міліцыі, прывёз нам яшчэ адзін пратакол, які на нас склалі па 22.9. Мы на суды перасталі ездзіць, адпраўлялі адваката, бо гэта ўсё бессэнсоўна. Там супраць нас было сем супрацоўнікаў міліцыі, якія давалі хлуслівыя паказанні супраць нас, і толькі адзін сведка наш. Мне прысудзілі 50 базавых па 22.9, 10 базавых па 23.4. Мілане далі 5 па 23.4, і 20 па 22.9.
РР: Што з тэхнікай канфіскаванай?
Алесь Ляўчук: Тэхніку нам не вярнулі, але я пакуль не магу казаць пра гэта, бо з адвакатам вырашаем што будзем рабіць далей. Можна яшчэ сказаць, што гэты прысуд на 1000 даляраў далі праз дзесяць гадоў пасля таго моманту, як мы ажаніліся.
РР: “Падарунак” такі атрымліваецца?
Алесь Ляўчук: Так, вось такі „падарунак” ад дзяржавы мы атрымалі.
Алесь Ляўчук, жартуе, што такі падарунак сямейная пара атрымала да гадавіны шлюбу, дзесяцігоддзе якога выпадае менавіта на 13 красавіка.
Пра іншыя суды над журналістамі ў праекце „Месца для прэсы”.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя