Вінцук Вячорка: Крэмль – асноўны пакупнік “справы патрыётаў”



Грамадска-палітычны дзеяч Вінцук Вячорка даў сваю ацэнку справе “Белага легіёна”.

Вінцук Вячорка: Паказальны выбар аб’ектаў для атакі. У той час, калі Беларусь проста запоўнена ўсялякімі прарасейскімі структурамі, якія ладзяць у тым ліку і так званыя ваенна-патрыятычныя зборы, у якіх удзельнічаюць розныя казакі ды забойца Мільчакоў, ніхто ім практычна не замінае працаваць. Гэта не выклікае абсалютна ніякай рэакцыі ў дзяржавы, якая найперш павінна дбаць пра дзяржаўныя інтарэсы. І ўвагу на такіх прарасейскіх “патрыётаў” ніхто не звяртае. Затое “звярнулі ўвагу” на сапраўдных патрыётаў, людзей, якія шчыра любяць сваю краіну і сваю мову. І калі нехта цяпер гэтыя каштоўнасці атакуе, то ён гэта робіць на карысць ворага беларускай дзяржаўнасці.

РР: Захаду даюць карцінку, што затрымалі ледзь не тэрарыстаў, а неіснуючы “Белы Легіён” прапагандысты параўналі з Ісламскай дзяржавай…

Вінцук Вячорка: Улады сваю атаку на патрыётаў Захаду не прададуць. У той жа час, афіцыйнаму Менску важна, каб гэтыя людзі, фігуранты справы, не былі прызнаны палітычнымі зняволенымі. Таму на іх і вешаюць усіх “сабак”, пастаянна дабіваюць нейкімі новымі фантастычнымі аповядамі пра зброю, бомбы… Але асноўны пакупнік гэтай справы – Крэмль. Мы ж бачым, што суправаджаецца гэтая справа сцэнамі сапраўднага альбо дэманстратыўнага братання з Расеяй, выдачай расейскага мільярда даляраў і так далей. Карацей, прыйшоў канец ілюзіям пра палітыку арэляў. Усё вярнулася на свае кругі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя