Валенса: Дайце нам ядзерныя ракеты, і мы накіруем іх на Маскву



„Пуцін – безадказны і хоча пасеяць хаос у Польшчы, як ён зрабіў гэта ва Украіне. Таму мы хочам, каб НАТА прадаставіла нам лепшыя ракеты, якія ёсць у наяўнасці, каб усталяваць іх тут і нацэліць у патрэбным кірунку”, – заявіў лідар „Салідарнасці”, былы прэзідэнт Польшчы Лех Валенса.

„Калі ў адзін цудоўны дзень яны нападуць на Гданьск, мы атакуем Маскву”, – растлумачыў польскі палітычны дзеяч у інтэрв’ю Марка Бардацы, журналісту італьянскай газеты La Stampa, у сваім офісе ў Гданьску.

„Мы любім Расею, але яна павінна перастаць паводзіць сябе самаўладна. Нам патрэбна Расея, але Расея цывілізаваная. Але ім заўсёды патрэбны вораг па чыста ўнутраных прычынах. Аднак яны зрабілі памылку”, – патлумачыў польскі праваабаронца.

„Яны не думалі, што ва Украіне ім будзе аказаны такі супраціў. Яны абралі занадта моцнага ворага і цяпер не ведаюць, як з гэтага выкараскацца”, – адзначыў Валенса ў інтэрв’ю італьянскаму выданню.

„Я казаў гэта яшчэ 25 гадоў таму, я быў перакананы, што Расея будзе падбухторваць агрэсіўныя меншасці ва ўсіх краінах Усходняй Еўропы. На правядзенне рэформаў патрабуецца шмат часу, яны маглі скарыстацца гэтымі меншасцямі, каб на хвалі незадаволенасці выйграць парламенцкія выбары, каб пасля далучыць гэтыя краіны. Яны маглі аднавіць Савецкі Саюз. Але цяпер яны абралі танкі, і ў гэтым – памылка”, – заявіў са шкадаваннем Валенса.

Што тычыцца ролі ЗША ва ўкраінскім крызісе, былы польскі прэзідэнт адзначыў, што „яны павінны былі б арганізаваць мір паміж Украінай і Расеяй”. „Ім трэба было б не пачынаць вайну, а дапамагчы нам знайсці рашэнні. І пазычыць нам і Украіне трохі ракет!”, – заявіў Валенса ў гутарцы з італьянскім журналістам.

delfi.lt