Паўночная Карэя няўдала запусціла ракету
КНДР здзейсніла тэставы няўдалы запуск ракеты на ўсходнім узбярэжжы краіны. Пра гэта паведамляе паўднёвакарэйскае агенцтва Yonhap са спасылкай на ўзброеныя сілы Паўднёвай Карэі.
Выпрабаванне ракеты было праведзена ў раёне гораду Сінпхо ў правінцыі Хамген-Намдо. Крыніца ў Пентагоне заявіла Reuters, што запушчаная КНДР ракета, хутчэй усяго, не з’яўляецца балістычнай. Тып ракеты пакуль не названы.
Дыктатар КНДР Кім Чэн Ын неаднаразова заяўляў, што краіна будзе нарошчваць ядравы патэнцыял для атак на амерыканскія аб’екты.
9 верасня 2016 году Пхеньян афіцыйна пацвердзіў правядзенне ядравых выпрабаванняў, якія выклікалі землятрус магнітудай 5,3 балы. Улады КНДР заявілі, што краіна цяпер здольная забяспечваць ядравымі боегалоўкамі балістычныя ракеты.
5 красавіка 2017 году Паўночная Карэя запусціла балістычную ракету ў бок усходняга ўзбярэжжа Паўднёвай Карэі. Яна праляцела звыш 60 км.
Пасля гэтага Вашынгтон перастаў каментаваць паводзіны КНДР. Дзяржсакратар ЗША Рэкс Цілерсан заявіў, што сказана ўжо дастаткова.
14 красавіка тэлеканал NBC са спасылкай на крыніцу ў амерыканскай выведцы паведаміў, што ЗША гатовыя здзейсніць прэвентыўны ўдар па Паўночнай Карэі, каб перадухіліць чарговае выпрабаванне ядравай зброі Пхеньянам. У паўночнакарэйскім Генеральным штабе заявілі, што КНДР можа атакаваць амерыканскія вайсковыя базы ў Японіі, Паўднёвай Карэі і рэзідэнцыю прэзідэнта ў Севуле.
ЗША перакінулі два эсмінцы бліжэй да берагоў Паўночнай Карэі – караблі з крылатымі ракетамі „Тамагаўк” знаходзяцца ў 500 км. ад мяркуемага месца магчымых ядравых выпрабаванняў. Амерыканскія вайскоўцы прымаюць меры на выпадак неабходнасці перахопу ракет КНДР. Пасажырскія самалёты аблятаюць Паўночную краіну, а ў паветранай прасторы КНДР апошнімі днямі самалёты не з’яўляюцца зусім.
Беларускае Радыё Рацыя