Памёр архіепіскап Ерэмія
Пасьля працяглай хваробы памёр праваслаўны архіепіскап Ерэмія, адзін з лідараў экумэнічнага руху ў Польшчы. Яму было 73 гады. Сьвецкае імя архіепіскапа – Ян Анхімюк, ён нарадзіўся на Падляшшы ў вёсцы Адрынкі.
Выбітнага душпастыра згадвае айцец Кастусь Бандарук:
– Ён застанецца ў памяці маладога пакалення найперш тым, што быў адным, ці бадай адзіным, аўтарытэтным арганізатарам Брацтва праваслаўнай моладзі. Ён вакол сябе гуртаваў моладзь, арганізоўваў іх паездкі на Святую гару Грабарку. Быў лідарам і духаўніком моладзі праваслаўнай.
Ерэмія служыў епіскапам Уроцлоўска-Шчэцінскай дыяцэзіі Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, узначальваў Польскую Экумэнічную Раду. Перад тым працяглы час працаваў рэктарам Хрысьціянскай тэалагічнай акадэміі.
– Вялікая страта для Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Бо страцілі мы чалавека надзвычай адукаванага, чалавека высокай культуры, досьведу і заслугаў для нашай Царквы. Тое, што ён памёр якраз на Вялікдзень, – гэта таксама нейкі знак Божы. Вечная яму памяць!
Архіепіскап Ерэмія будзе пахаваны ў сераду, 19 красавіка, у Варшаве.
Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота wikipedia.org