У Гародні прайшоў вечар хрысціянскай песні і паэзіі



Вечар хрысціянскай песні і паэзіі прайшоў у Цэнтры гарадскога жыцця Гародні. Паэтка і выканаўца песень Настасся Пятрэвіч падаравала гарадзенцам уласныя творы.

Вершы аўтаркі прасякнуты любоўю да Бога і да беларускага народа. Галоўная гераіня вечарыны не толькі паэтака і спявачка. Яна шматдзетная маці, мае пяцярых дзяцей, з якіх на вечарыну прыйшло яе падтрымаць чацвёра з мужам. Значная частка яе выступу была прысвечана шанаванню сваіх каранёў.

– У нас смяротнасць перавышае нараджальнасць, бо ў большасці сваёй мы, беларусы, свайго не шануем: ні мовы, ні культуры, ні гісторыі. Мы адрываемся ад папярэдніх пакаленняў, якія назбіралі для нас шмат багаццяў, і таму мы становімся сіратамі, адразаемся ад гэтага багацця. Мы беспрытульныя людзі, хоць у нас вялікая гісторыя і такія цудоўныя карані.

Вечарына прынагодная. Яна прайшла менавіта ў Светлы панядзелак. А гэта магчымасць падзяліцца радасцю Уваскрэсення Збаўцы Ісуса Хрыста.

Кажа муж Настассі Пятрэвіч Юры:

– Яна пачала пісаць гэтыя песні-вершы, хоць музычны талент яна з нараджэння мае. Сапраўды, Хрыстос перамяніў нашае і яе жыццё. Таму яна спявае. І тое, што мае ў сэрцы, хоча вынесці праз свае спевы і данесці да людзей, што Госпад жывы і ўсё будзе добра, калі чалавек разам з ім.

Многія песні, якія прагучалі на вечарыне, Настасся Пятрэвіч стварыла на вершы беларускіх класікаў.  

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара